Мазырскі праваабаронца сутыкнуўся з судовым абсурдам
Мазырскі праваабаронца Уладзімер Целяпун нарэшце атрымаў адказ ад Судовай калегіі па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда. Справа тычылася абсурдных прычынаў, па якіх яму было адмоўлена ў правядзенні пікету яшчэ напачатку кастрычніка 2010 года.
Паседжанне адбылося 15 снежня 2011 года па касацыйнай скарце У. Целяпуна на рашэнне Мазырскага райвыканкаму аб забароне правядзення масавага мерапрыемства (пікету) ў абарону кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага, незаконна асуджаных кандыдатаў у прэзідэнты і ўсіх палітвязняў на Беларусі, спыненне пераследу грамадзян па палітычных поглядах і перакананнях.
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага аблсуда адбылася ў складзе старшыні Буянковай Л.М., суддзяў Дудзіча А.В. і Надтачэй М.В. і пакінула без змяненняў рашэнне Мазырскага суду, а касацыйную скаргу У. Целяпуна – без задавальнення.
Праваабаронца пракаментаваў вызначэнне Судовай калегіі наступным чынам: “Мне ўпарта даводзяць, што не былі заключаныя дамовы і аплочаныя выдаткі з ГРАУС, Цэнтральнай паліклінікай і “Жылкамунгасам” пры разглядзе маёй заявы кіраўніцтвам райвыканкама. Але яшчэ больш упарта незалежныя судовыя органы не звяртаюць ўвагу, што адсутнічае рашэнне Мазырскага райвыканкама аб Парадку аплаты гэтых расходаў, як гэта прадугледжана Законам “Аб масавых мерапрыемствах…” і рэкамендацыяй Гомельскага аблвыканкама Мазырскаму райвыканкаму такое рашэнне прыняць. Мною былі напісаныя і пададзеныя заявы ва ўсе ўстановы, на заключэнне такіх дамоваў і ёсць адказы з РАУС, Мазырскай цэнтральнай паліклінікі аб немагчымасці заключэння дамоваў, таму што адсутнічае Рашэнне Мазырскага райвыканкама “Аб парадку аплаты расходаў за правядзенне масавых мерапрыемстваў”.
Уражвае пазіцыя прадстаўнікоў незалежнай судовай ўлады (намесніка старшыні Мазырскага раённага суду Загароўскай В.А. і трох судзяў Судовай калегіі), якія даводзяць, што рашэнне Мазырскага райвыканкаму №1202, у якім з’явіліся патрабаванні аб заключэнні вышэйпералічаных дамоў, афіцыйна пачало дзейнічаць толькі пасля 12 кастрычніка 2011 года, а заява на пікет 8-га кастрычніка была накіраваная ў райвыканкам 13 верасня. Аказваецца, на той час яшчэ дзейнічала рашэнне райвыканкама № 506 ад 22.04.2008 года, у якім патрабаванняў заключэння дамоваў не прадугледжвалася”.
“Судовая сістэма дбае пра “честь мундира” выканаўчай ўлады и пры гэтым ігнаруе палажэньні Закона і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкананне гарантаваных імі правоў і свабод” - падвёў вынік праваабаронца Уладзімер Целяпун.
Праваабаронца мае намер працягваць барацьбу за выкананне літары закону і забяспячэнне правоў грамадзян у вышэйшай інстанцыі – Вярхоўным судзе, і калі не знойдзе там паразумення – ў Камітэце ААН па правах чалавека.
Мазырская праваабарончая хроніка.