viasna on patreon

Алег Мяцеліца: “Увага з боку беларускіх спецслужбаў сапраўды ёсць”

2012 2012-01-12T11:25:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miacielica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Мяцеліца

Алег Мяцеліца

Кіраўнік Беларускага палітычнага прадстаўніцтва ў Літве Алег Мяцеліца кажа, што супрацоўнікі офіса сапраўды адчуваюць увагу з боку беларускіх спецслужбаў. Таксама ён лічыць, што супрацоўнікі беларускіх спеслужбаў маглі мець дачыненне да крадзяжу грошай і дакументаў з яго ўласнага аўтамабіля.

“Напярэдадні Калядаў у мяне ў Вільні з машыны скралі грошы, пашпарт, іншыя дакументы, у тым ліку і на аўтамабіль, - кажа Алег Мяцеліца. - Разбілі шкло ў машыне і забралі, да гэтага часу яны не знойдзеныя. Я не выключаю, што гэта мог быць нехта з супрацоўнікаў спеслужбаў, бо забралі не толькі грошы, але і дакументы, якія звычайным злодзеям мала цікавыя. Тым больш, што злодзей ведаў, дзе іх шукаць”.

Па словах Алега Мяцеліцы, адчуваюць павышаную цікаўнасць да сябе і іншыя супрацоўнікі прадстаўніцтва:

“Павышаную цікаўнасць да сябе збоку нейкіх незразумелых асобаў адчуваюць і іншыя супрацоўнікі нашага прадстаўніцтва. Дарэчы, на сталай аснове ў нас у офісе працуе чатыры чалавекі, яшчэ два актывісты перыядычна аказваюць дапамогу. Калі я казаў карэспандэнту газеты Lietuvos Rytas пра 20 чалавек, то меў на ўвазе, што ў Вільні стала пражывае каля 20 актывістаў беларускіх дэмакратычных арганізацый, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі, каб пазбегнуць пераследу па палітычных матывах.  Ён мяне проста не зусім зразумеў”, - выказаў сваё меркаванне Алег.

Таксама Алег Мяцеліца не выключае, што зараз яму давядзецца прасіць палітычнага прытулку ў Літве. Між тым раней грамадскі актывіст казаў, што ў хуткім часе вернецца на радзіму.

“Каб аднавіць пашпарт, трэба ехаць у Беларусь, аднак, на маю думку і думку маіх сяброў, для мяне гэта ў сучасных умовах небяспечна. Таму, хутчэй за ўсё, давядзецца прасіць палітычнага прытулку”.

Падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі грамадскі актывіст з гарадскога пасёлка Бялынічы Алег Мяцеліца актыўна працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, з’яўляўся яго даверанай асобай. Пасля разгону Плошчы 19 снежня 2010 года ён разам з некалькімі іншымі актывістамі перадвыбарчага штаба Някляева з’ехаў спачатку ў Расію, а потым перабраўся ў Літву. У Вільні Алег разам з іншымі палітуцекачамі актыўна працаваў над стварэннем палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, ладзіў у замежжы разнастайныя акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Зараз Алег Мяцеліца з’яўляецца кіраўніком гэтага прадстаўніцтва.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства