viasna on patreon

Магілёўскі цэнтр занятасці пакінуў Аляксея Паўлоўскага без грашовай дапамогі

2012 2012-01-12T11:18:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pracauladkavannie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля адлічэння з аспірантуры Інстытута фізіалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Паўлоскі застаўся без працы і звярнуўся ў Магілёўскі гарадскі цэнтр занятасці. Хлопец хацеў зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага з атрыманнем штомесячнай грашовай дапамогі для беспрацоўных, аднак сутыкнуўся з цэлым шэрагам перашкодаў.

“Мяне не хацелі ставіць на ўлік, бо запіс у маёй працоўнай кніжцы ўвёў у ступар супрацоўнікаў цэнтра занятасці. Яны ніколі не сутыкаліся з такой фармулёўкай, якую мне зрабілі ў інстытуце. Каб прыняць нейкае рашэнне па мне яны былі вымушаны праводзіць дарадчае пасяджэнне”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

“Спачатку мне ўвогуле адмовілі ў пастаноўцы на ўлік і адрэагавалі на мой зварот толькі пасля таго, як я ім прыгразіў тым, што пакіну запіс у кнізе скаргаў. Толькі тады яны пачалі варушыцца. Сказалі, што на ўлік як беспрацоўнага паставюць, аднак грашовую дапамогу пакуль не дадуць – будуць высвятляць канкрэтную прычыну, паводле якой я быў адлічаны з аспірантуры. Сакратарка аддзела кадраў Акадэміі навук зрабіла недакладны запіс у маёй працоўнай кніжцы, і яго будуць спраўджваць”, - працягвае Аляксей Паўлоўскі.

Тым часам былы аспірант не губляе надзеі праз суд аднавіцца на вучобу ў аспірантуры.

“Я падаў заяву ў суд на незаконнае адлічэнне. Ён адбудзецца ў бліжэйшы час. Я хачу даведацца сапраўдныя прычыны свайго адлічэння і аднавіцца назад на вучобу, бо лічу, што мяне выключылі незаконна”, - адзначае Аляксей Паўлоўскі.

Нагадаем, што Аляксей Паўлоўскі з’яўляецца сынам прафсаюзнага актывіста Аляксея Паўлоўскага. Пасля таго, як хлопец паступіў у аспірантуру, то пачаў змагацца за гарантаванае інстытутам ложка-месца ў інтэрнаце. Змагаючыся за ложка-месца, Аляксей накіраваў лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства адукацыі. Пад ягоным зваротам тады падпісалася яшчэ чацвёра аспірантаў, аднак пад ціскам адміністрацыі інстытута былі вымушаны адклікаць свае подпісы. Пасля такой ініцыятывы распачаўся канфлікт аспіранта з кіраўніцтвам інстытута, які прывёў да ягонага адлічэння з установы адукацыі

Трэба адзначыць, што Аляксей Паўлоўскі скончыў магістратуту ў Магілёве з сярэднім балам 9 і жадаў працягнуць сваю далейшую вучобу ў Мінску, аднак пацярпеў праз сваю актыўную грамадскую пазіцыю.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства