viasna on patreon

ЗАПРАШЭННЕ НА ПРЭЗЕНТАЦЫЮ У ВІЛЬНІ

2012 2012-01-09T14:21:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dompravouchalaviekavilnia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 студзеня 2012 г. у 14.00 Беларускі Дом правоў чалавека (Вільня, Літва) супольна з Праваабарончым цэнтрам "Вясна" (Беларусь) і Грамадзянскай кампаніяй "Наш Дом" (Беларусь) запрашае на прэзентацыю кнігі, календара, дзіцячай размалёўкі, паштоўкі і шэрагу відэа кліпаў, прысвечаных удзельнікам Плошчы-2010 – мірнай акцыі пратэсту ў Беларусі 19 снежня 2010 г. супраць парушэнняў падчас выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мірная дэманстрацыя была жорстка разагнаная міліцыяй, сотні людзей апынуліся за кратамі. Падзеі 19 снежня 2010 года распачалі беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій у Беларусі, якія працягваюцца дагэтуль.

 

У першай частцы прэзентацыі ў Доме правоў чалавека будзе прадстаўлена кніга беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча “Супраць плыні”, выдадзеная пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

 

Героі кнігі – удзельнікі Плошчы-2010, асуджаныя па крымінальных абвінавачаннях, частка якіх да гэтага часу знаходзіцца за кратамі, частка – ужо на волі. Яны розныя – і паэт Уладзімір Някляеў, прафесар Анатоль Паўлаў, палітык Мікалай Статкевіч, якія паспелі адсвяткаваць сур’ёзныя юбілеі, і зусім юныя Фёдар Мірзаянаў і Мікіта Ліхавід, і загартаваныя ў жорсткіх ідэйных баях Анатоль Лябедзька і Павел Севярынец. Іх усіх аб’яднала вера ў справядлівасць, любоў да Бацькаўшчыны, гатоўнасць змагацца за праўду і будучыню.

“Падзеі 19 снежня 2010 года настолькі значна ўскалыхнулі грамадства, што дагэтуль усе міфы пра так званую “беларускую памяркоўнасць” і “стабільнасць”, якія мы чуем апошнія 17 год, не больш як спроба выдаць асабістыя мары за сапраўдную рэчаіснасць. Кніга менавіта пра гэта і пра тых, хто адважыўся пайсці супраць плыні”, -- гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

У другой частцы прэзентацыі будуць прадстаўленыя каляндар і паштоўка, а таксама відэакліпы, прысвечаныя жанчынам, пацярпелым ад падзей 19 снежня 2010 года і апынуўшымся ў адной камеры ў выніку разгону мірнай дэманстрацыі. У іх закранаецца пытанне жаночай салідарнасці, а таксама спецыфічна “жаночых” праблемаў у турме і абыходжання міліцыянтаў-мужчынаў з жанчынамі-дэманстранткамі. Таксама будзе прадстаўленая кніжка-раскраска "Мой тата – міліцыянт. Што ён робіць на працы", якая адлюстроўвае прыклады гвалту з боку міліцыі ў адносінах да жанчын у Беларусі. Гэтая прадукцыя выдадзеная ў рамках кампаніі “Асцярожна, міліцыя”, якую праводзіць грамадская арганізацыя "Наш Дом".

 

Месца правядзення мерапрыемства: Беларускі Дом правоў чалавека

Вільня, вул. Латака, 3

 

Уваход вольны, запрашаем усіх жадаючых!

Мовы: беларуская, руская з перакладам на англійскую

Працягласць: 1.5 гадзіны

 

Па дадатковую інфармацыю можаце звяртацца па тэлефоне             +370 5 212 77 03       ці па адрасе belarus@humanrightshouse.org

 

З павагай,

Беларускі Дом правоў чалавека

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства