viasna on patreon

Куды глядзелі супрацоўнікі сацыяльнай абароны?

2012 2012-01-09T10:13:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzeci-kruyda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы мінулага тыдня на шэрагу інтэрнэт-сайтаў з’явілася інфармацыя пра тое, што супрацоўніца аддзялення аднаго з беларускіх банкаў у гарадскім пасёлку Бялынічы скрала з разліковага рахунка дзяўчынкі-сіраты, якае навучалася ў мясцовай школе-інтэрнаце, грошы ў суме 11 мільёнаў беларускіх рублёў. Зараз супраць касіра ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (прысваенне грашовых сродкаў у буйных памерах). Таксама БЕЛТА паведаміла, што кіраўніцтва аддзялення банка прыняло рашэнне вярнуць пацярпелай дзяўчынцы ўсю суму ўкладу з немалымі адсоткамі.

 

Між тым, сумная гісторыя з крадзяжом грашовых сродкаў у дзяўчынкі-сіраты ў Бялынічах выклікае шмат пытанняў наконт таго, наколькі эфектыўна у нашай краіне арганізаваны працэс аказання дапамогі дзецям-сіротам і людзям з абмежаванымі магчымасці з боку органаў сацыяльнай абароны. Дабіцца нейкай справядлівасці былая выхаванка Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот змагла толькі дзякуючы дапамозе з боку сваіх былых настаўнікаў і дырэктара школы-інтэрната Мікалая Д.

Пасля таго, як грошы з разліковага рахунка ў мясцовым аддзяленні “Белаграпромбанка” былой выхаванкі Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната Зінаіды Б. былі скрадзены супрацоўніцай гэтай установы Аксанай К., дзяўчыне давялося прыкласці шмат намаганняў, каб аднавіць справядлівасць і вярнуць свае грашовыя накапленні.

Грошы ў выглядзе дапамогі ад дзяржавы пералічваюцца на рахункі дзяцей, пакінутых без бацькоў, штомесяц да іх поўналецця. Дзеці ў любы момант могуць зняць свае накапленні, але звычайна яны гэтага не робяць да поўналецця, бо знаходзяцца на поўным дзяржаўным утрыманні.

Вось і былая выхаванка Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната Зінаіда Б. вырашыла скарыстацца грашымі толькі мінулым летам, калі прайшло ўжо два гады пасля заканчэння школы. Але супрацоўнікі аддзялення банка дзяўчыну “адфутболілі”, сказалі, што свае грашовыя сродкі яна ўжо даўно патраціла, на яе разліковым рахунку грошай няма. Дзяўчына дрэнна размаўляе, таму банкаўскія служачыя не хацелі нават яе слухаць, тым больш што ўсе разліковыя аперацыі былі аформлены належным чынам, на дакументах стаялі быццам бы ўласнаручныя подпісы дзяўчыны.

Дзяўчына вымушана была звярнуцца за дапамогай да сваіх былых настаўнікаў з Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, застаўшыхся без апекі бацькоў. Неабходна адзначыць, што тыя не пакінулі былую выхаванку ў бядзе і дапамаглі ёй аднавіць справядлівасць. Асабліва ўдзячна дзяўчына свайму былому дырэктару Мікалаю Д., які прыклаў шмат намаганняў, каб прымусіць супрацоўнікаў аддзялення “Белаграпромбанка” выкрыць махлярства ў сваёй установе і вярнуць дзяўчыне грошы. Для вырашэння пытання давялося звяртацца за дапамогай да начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Сматрыцкага…

Безумоўна, нічога, акрамя агіды, учынак супрацоўніцы аддзялення банка, якая скрала грошы ў сіраты, выклікаць не можа. Але адначасова не можа ўзнікнуць пытанне, куды глядзелі супрацоўнікі органаў сацыяльнай абароны, якія павінны былі дапамагаць гэтай дзяўчыне адаптавацца да нармальнага жыцця?

Пытанне тым больш актуальнае, таму што, па інфармацыі мясцовых праваабаронцаў, супрацоўніца банка скрала грашовыя сродкі з разліковых рахункаў яшчэ ў некалькіх дзяцей-сірот, якія навучаліся ў Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнаце. Зараз над расследваннем гэтай справы працуюць супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Таксама супрацоўнікі школы-інтэрната пацвердзілі той факт, што ўсе разліковыя рахункі былых і цяпершніх непаўнагадовых выхаванцаў Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, застаўшыхся без апекі бацькоў, як і рахункі на атрыманне заробкаў саміх супрацоўнікаў, пераведены з “Белаграпромбанка” у мясцовае аддзяленне “Беларусбанка”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства