Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў скардзіцца на суддзю і супрацоўнікаў праваахоўных органаў
Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў спрабуе абскардзіць адміністрацыйнае пакараньне, якое ён атрымаў пасьля 19 сьнежня.
Пра намер судзіцца з прадстаўнікамі ўладаў заяўляюць і іншыя арыштаваныя ў гадавіну Плошчы.
Мікалай Казлоў накіраваў у пракуратуру скаргу на міліцыянтаў, якія яго
затрымлівалі 19 сьнежня. Паводле былога міліцыянта, гэта было на вуліцы
Энгельса, але ў пратаколе супрацоўнікі Маскоўскага РАУС напісалі, што
затрыманьне адбывалася нібыта непадалёк ад Чырвонага касьцёла, дзе ў той
дзень людзі ўсталёўвалі сьвечкі на гадавіну Плошчы. Таксама Мікалай
Казлоў паскардзіўся на судзьдзю Маскоўскага суду Алену Чарняк, якая пакарала яго 5 суткамі адміністрацыйнага арышту:
«У першай заяве я пэўна прашу прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці
гэтых двух міліцыянтаў, якія, як я лічу, падчас службы сфальсыфікавалі
рапарт. Мяркую, гэта злачынства крымінальнае. А на суд скарджуся таму,
што ён прыняў неправамернае рашэньне. Бо я лічу, што было дастаткова
магчымасьцяў высьветліць праўду на працэсе».
20 сьнежня на працэсе над Мікалаем Казловым суд па ягоным хадайніцтве
запатрабаваў дадзеныя кампаніі мабільнай сувязі адносна
месцазнаходжаньня тэлефона Казлова. З гэтых дадзеных вынікала, што
за некалькі хвілін да затрыманьня былы міліцыянт знаходзіўся каля
Кастрычніцкай плошчы, між тым у пратаколе затрыманьня было пазначана,
што яго затрымалі на вуліцы Савецкай. Аднак судзьдзя Алена Чарняк
паверыла паказаньням міліцыянтаў з Маскоўскага РАУС. Мікалай Казлоў
кажа, што будзе настойваць на разглядзе сваіх скаргаў і ня мае намеру
адступаць, нават калі іх не задаволіць суд першай інстанцыі.
Днямі стала вядома, што яшчэ адзін арыштант 19 сьнежня, 18-гадовы жыхар Маладэчна Павал Сяргей
адлічаны зь мясцовага палітэхнічнага ліцэю за пропускі заняткаў.
4 сьнежня Павал Сяргей выехаў у Менск, каб забраць зь міліцыі рэчы
і дакумэнты, якія ў яго адабралі напярэдадні 10-суткавага арышту. Маці
хлопца Сьвятлана непакоіцца за лёс сына, які недавучыўся і цяпер
не атрымае нават атэстат аб сярэдняй адукацыі:
«Заставалася паўгода. Прасіла, умаляла…Скончыў бы і потым ваяваў
за свабоду, за справядлівасьць. Канечне, я разумею, што ён нічога
незаконнага не рабіў, проста прыйшоў да касьцёла, але што цяпер? Там
у ліцэі на гэта ж не паглядзелі».
Адлічаны зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі і былы палітвязень Уладзімер Яроменак, які пасьля 19 сьнежня быў пакараны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту і ў ізалятары трымаў галадоўку.
Праваабаронцы «Вясны» кажуць, што ў выпадку звароту ў суд акажуць адлічаным усю неабходную прававую дапамогу. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч
нагадвае, што Беларусь ратыфікавала шэраг міжнародных пагадненьняў,
паводле якіх абмяжоўваць права грамадзян на сходы магчыма толькі
ў выпадку нацыянальнай пагрозы ці пагрозы грамадзкай бясьпецы:
«Людзі, якія 19 сьнежня стаялі са зьнічкамі каля касьцёла, ніякім чынам
не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай бясьпецы, ці грамадзкаму парадку,
ці здароўю грамадзянаў, ці маральнасьці. Таму іх затрыманьні, а тым
больш адміністрацыйнае пакараньне, былі цалкам незаконныя. Гэта яўныя
парушэньні іх правоў».
У ізалятары на Акрэсьціна працягвае адбываць адміністрацыйны арышт актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў,
якога выклікалі 30 сьнежня ў міліцыю на размову і асудзілі на 7 сутак
нібыта за лаянку. За кратамі Павал Вінаградаў трымае галадоўку. Жонка
актывіста Сьвятлана распавяла:
«Мне сёньня пазваніў Яроменак, які зь ім сядзеў і ўчора выйшаў. Перадаў
на словах, што ў яго ўсё збольшага нармальна, настрой добры, працягвае
галадоўку. Папрасіў перадаць вады і соку».