Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які
прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі,
паведаміў прэсавы сакратар Белага дому Джэй Кэрні.
Раней, 21 сьнежня, Кангрэс ЗША ўхваліў "Акт аб дэмакратыі і правах
чалавека 2011 году ў дачыненьні да Беларусі" (Belarus Democracy and
Human Rights Act of 2011), які прадугледжвае ўзмацненьне санкцыяў.
Новы пакет пашырае сьпіс беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых
структураў, на якіх накладаюцца візавыя абмежаваньні і фінансавыя
санкцыі.
Закон таксама прадугледжвае заклік да Міжнароднай фэдэрацыі хакею
адмовіцца ад правядзеньня ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі
2014 году.
У сярэдзіне сьнежня законапраект быў ухвалены Сэнатам ЗША.
Санкцыі ня будуць зьнятыя да той пары, пакуль на свабоду ня выйдуць усе палітвязьні.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі
Андрэй Савіных
у інтэрвію
«Радыё Свабодзе» заявіў, што ЗША знаходзяцца ў палоне дагматычных і састарэлых
падыходаў.
Прафэсар, незалежны экспэрт Уладзімер Дунаеў не спадзяецца на высокую эфэктыўнасьць санкцыяў, бо цяпер Амэрыка страчвае свой кантроль у сьвеце і гэта адзначае, што
ЗША ўжо ня могуць усур’ёз уплываць на інтэграцыйныя працэсы паміж
Расеяй і Беларусьсю і над працэсам страты беларускага сувэрэнітэту.
Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў лічыць, што Злучаныя Штаты Амэрыкі лягічна працягваюць лінію, якую
яны абралі, але хацеў бы, каб да гэтага больш інтэнсіўна далучылася
і Эўропа.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае чатыры найважнейшыя моманты ў новых санкцыях ЗША супраць Беларусі:
- адметнасць зьнешняй палітыкі ЗША - дакладная рэалізацыя таго, што запісана ў дакументах
- і рэспубліканцы, і дэмакраты аднолькава ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі
- у Амэрыцы ёсьць вельмі добрыя экспэрты па Беларусі на самым высокім роўні
- гэта пунктавыя санкцыі, скіраваныя толькі супраць канкрэтных асоб