Слонімская “вертыкаль” апрытомнее ад амнезіі?
Сёння, 4 студзеня, слонімская раённая газета “Слонімскі веснік” другі раз апублікавала інфармацыю “Аб вызначэнні пастаяннага месца для правядзення мітынгаў, сходаў, пікетаў у горадзе Слоніме” за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча і ўпраўляючай справамі райвыканкама Алены Мачалінай. І ў гэтай афіцыйнай абвестцы сказана, што месцам для мітынгаў у Слоніме адведзены гарадскі парк на Опернай вуліцы.
Усё было б нармальна, калі б гэтае рашэнне не было прынята яшчэ 26 верасня 2011 года (№ 712) і пра яго паведамляла ўсё тая ж самая “раёнка” і 28 верасня 2011 года, але нібыта ўпаўшы ў амнезію прадстаўнікі мясцовай “вертыкалі” адмаўлялі ў магчымасці праводзіць у гэтым месцы масавыя мерапрыемствы, спасылаючыся на тое, што яно не прадугледжана для гэтых мэтаў.
Застаецца спадзявацца, што дзве публікацыі ў газеце вернуць памяць мясцовай вертыкалі, якая ўжо пяць месяцаў спасылаецца ў адмовах на старое рашэнне Слонімскага райвыканкама ад 24 красавіка 2002 года № 152 “Аб зацвярджэнні месц, прызначаных для правядзення масавых мерапрыемствах у Слонімскім раёне”.