Статкевіча-старэйшага павіншавалі з Новым годам
1 студзеня баранавіцкія актывісты наведалі Віктара Паўлавіча Статкевіча – бацьку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Статкевіч-старэйшы мае 85 гадоў і жыве адзін у паўночным мікрараёне горада Баранавічы.
Старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца паведаміў, што прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый горада з’яўляюцца частымі гасцямі Статкевіча-старэйшага.
- Але 1 студзеня мы былі абавязаны маральна падтрымаць гэтага чалавека і павіншаваць яго з Новым годам. Гаварылі не толькі пра цяжкае цяперашняе сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне і свеце, але і пра ўсіх палітзняволеных краіны, пра іх магчымае вызваленне ў 2012 годзе.
Віктар Паўлавіч спадзяецца на Бога і добрых людзей і вельмі верыць, што дачакаецца вызвалення свайго сына.