Віцебскі аргкамітэт па дапамозе Сяргею Каваленку заклікае да салідарнасці і дапамогі
30 снежня адбыўся сход мясцовых дэмакратычных актывістаў, арганізаваны з ініцыятывы сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, які прыязжаў дадому ў трохдзённы адпачынак.
Актывіст КХП БНФ знаходзіцца ў СІЗА паводле абвінавачання ў парушэнні рэжыму адбыцця ўмоўнага пакарання, прысуджанага ў 2010 годзе за вывешаны на гарадскую елку бел-чырвона-белы сцяг. Не згодны з гэтым абвінавачаннем Сяргей Каваленка абвясціў галадоўку пратэсту, якую трымае ў СІЗА ўжо 15-ты дзень.
На сходзе абмяркоўваліся магчымыя захады дапамогі зняволенаму Сяргею Каваленку, якога ў Віцебску лічаць 15-м палітвязнем, і ягонай сям’і.
Сям’я Каваленкаў з арыштам сына і бацькі трапіла ў складанае матэрыяльнае становішча: жонка актывіста не працуе, бо знаходзіцца ў адпачынку па догляду за малодшай дачкой, якой усяго паўгода. Старэйшы сын – першакласнік, Маці Сяргея – пенсіянерка. Да арышту сям’ю цалкам утрымліваў Сяргей – ён прыватны прадпрымальнік, зарабляў на на жыццё рамонтамі кватэр.
Віцебскі актывісты сабралі на сходзе трохі грошай і перадалі іх жонцы актывіста, Алене Каваленка, і ягонай маці, спадарыні Лідзіі. Ахвотныя матэрыяльна дапамагчы сям’і Каваленкаў могуць таксама далучыцца да гэтай ініцыятывы -- пералічыць грошы на рахунак № 01073849 у віцебскім аддзяленні Беларусбанку 201/85 (да запатрабавання) на імя Каваленкі Алены Юр’еўны.
12 студзеня над Сяргеем Каваленкам адбыдзецца чарговы суд па апошняй адміністрацыйнай справе – яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы на адрас супрацоўнікаў інспекцыі па адбыванні пакаранняў. Ад рашэння па гэтай справе шмат залежыць: калі яго прызнаюць вінаватым, то будзе зафіксавана яшчэ адно парушэнне рэжыму, а гэта значыць, з’явіцца яшчэ адзін доказ у крымінальнай справе.
Таму віцебскія актывісты заклікаюць незалежных журналістаў далучыцца да інфармацыйнай падтрымкі гэтай падзеі, а ўсіх неабыякавых людзей запрашаюць 12 студзеня да 10.30 у Першамайскі райсуд Віцебску.