viasna on patreon

Беларускую рэспубліканскую ЛГБТ-арганізацыю не зарэгістравалі

2011 2011-12-29T13:51:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minjust.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заснавальнікі беларускай арганізацыі па абароне правоў геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендараў атрымалі ліст з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі моладзевага праваабарончага грамадскага аб’яднання.

У лісце за подпісам начальніцы ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Кірычэнкі Алены Ольдаўны паведамляецца, што заснавальнікі арганізацыі няправільна ўказалі дзень народзінаў аднаго з 61 заснавальнікаў, а таксама зрабілі памылку ў напісанні імя іншага заснавальніка. Чыноўнікі лічаць пададзеныя ў міністэрства дакументы недакладнымі, а таму неадпаведнымі Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”.

“Відавочна фармальнасць указаных прычын у адмове Мін’юста. Эксперты зараз разглядаюць мэтазгоднасць абскарджання адмовы ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе. У пачатку 2012 года мы зноў правядзем устаноўчы сход, на якіх прымем выпраўленыя дакументы і пададзім іх на разгляд Міністэрства юстыцыі паўторна”,  - заявіў Сяргей Андросенка, старшыня арганізацыйнага камітэта Мінскага гей-прайда.

Нагадаем, 15 кастрычніка чальцы праваабарончага праекта "ГейБеларусь” з усёй рэспублікі правялі ў Мінску ўстаноўчы з’езд – прынялі статут праваабарончай арганізацыі, абралі старшыню, чальцоў рады, кантрольна-рэвізійнай камісіі, а таксама прэзентавалі асноўныя напрамкі дзейнасці і стратэгію развіцця рэспубліканскага моладзевага праваабарончага грамадскага аб’яднання "Праваабарончы цэнтр "Альтэрнатыва плюс” на бліжэйшыя гады.

Як вынікае са статута, “Альтэрнатыва плюс” павінна займацца праваабарончай, інфармацыйнай, сацыяльнай працай, садзейнічаць стварэнню ў Беларусі "бяспечных і камфортных умоў жыцця ЛГБТ ды іх блізкіх”, зніжэнню ўзроўня гамафобіі ды трансфобіі, папулярызацыі ў грамадстве талерантнасці да прадстаўнікоў ЛГБТ. Арганізацыя таксама мае намер аказваць сацыяльную і псіхалагічную падтрымку актывістам і чальцам іх сем’яў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства