Вярхоўны суд адхіліў скаргу Дзьмітрыя Бандарэнкі
Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргу каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі на прысуд Першамайскага суду Менску, паводле якога актывіст быў пакараны 2 гадамі зьняволеньня за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.
Раней скаргу Зьмітра Бандарэнкі адхіліў менскі гарадзкі суд.
«Адвакат атрымала адказ сёньня, але датаваны ён 23 сьнежня, калі
на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнку спыталі пра лёсы палітвязьняў, у тым
ліку, і майго мужа. Ня думаю, што гэта простае супадзеньне ў лічбах», —
сказала «Свабодзе» жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка.
Зьмітра Бандарэнку ўтрымліваюць ў Магілёўскай калёніі. У зьняволеньні
палітвязень перанёс апэрацыю на хрыбетніку, яму дагэтуль цяжка хадзіць.
Пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі Зьміцер
Бандарэнка адмовіўся.