viasna on patreon

Каму, насамрэч, «уезд забаронены» ў Сінявокую?

2011 2011-12-27T16:37:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stop.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кожная краіна клапоціцца аб тым, каб на яе тэрыторыю не траплялі асобы, якія могуць быць небяспечныя для грамадзян з-за крымінальнай ці іншай cупрацьпраўнай дзейнасьці, альбо за парушэньне міграцыйнага заканадаўства; тыя, хто некалі здзейсьніў злачынства і спрабуе патрапіць у краіну ізноў. Звычайная і неабходная практыка. Аднак з кожным годам ў Беларусі ўсё большую частку “персонаў non grata” складаюць не тэрарысты і злачынцы, а тыя, хто крытыкуе існуючы рэжым, альбо можа данесьці іншаму свету дакладную інфармацыю пра становішча з правамі чалавека ў нашай краіне. Гэта вельмі выразна заўважна цягам апошняга году, калі праз створаны ўладамі жалезны плот у Беларусь не змаглі патрапіць сотні грамадскіх дзеячоў, палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў з розных краінаў свету.

Найбольш мэтанакіравана і пасьлядоўна супрацоўнікі памежнай службы і МУС, вядома ж, па указцы зверху распраўляліся з прадстаўнікамі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

На працягу 2011 года было безпадстаўна адмоўлена ў перасячэнні мяжы украінскім праваабаронцам Максіму Кіцуку (9 сакавіка), Марыне Цапок (20 красавіка), сябру Грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны Міхаілу Каменеву (21 красавіка), праваабаронцу Уладзіміру Сянько (30 верасьня). І вось самы апошні факт. 19 сьнежня луганскага праваабаронцу, сябра праваабарончага цэнтру «Поступ» Канстанціна Рэўцкага не прапусцілі ў Беларусь. Па ягоных словах, яго ўнеслі ў спіс асобаў, уезд якіх на тэрыторыю Беларусі непажаданы.Пры перасячэньні украінска-беларускай мяжы іх здымалі з цягнікоў і паведамлялі аб тым, што прозвішчы занесены ў базу дадзеных Памежнай службы з пазнакай «Уезд забаронены».

Сябраў Міжнароднай назіральнай місіі, якія прыязджалі да нас з Расіі, прымусова дэпартавалі пад час знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі. Так, 18 сакавіка кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў па патрабаваньні беларускіх праваахоўных органаў пакінуў Беларусь. Яму паведамілі пры гэтым, што ён «знаходзіцца ў спісах неўяздных у Беларусь». 29 красавіка з Беларусі быў дэпартаваны іншы расейскі праваабаронца Іван Кандраценка. 7 траўня грамадзянкі Расіі Любоў Захарава, Ірына Пайкачова і Кацярына Карасцялёва атрымалі прадпісаньні пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу 24-х гадзін у сувязі з унясеньнем іх у спіс асоб, уезд на тэрыторыю рэспублікі якіх забаронены або непажаданы. На 2 гады быў забаронены ўезд у Беларусь праваабаронцам з Расіі Аляксандру Мнацакяну і Вікторыі Громавай. Яны былі дэпартаваныя  4 траўня.

Пры гэтым паміж Рэспублікай Беларусі і Расійскай Федэрацыяй адсутнічае памежны кантроль, і любыя абмежаваньні пры паездках з краіны ў краіну.

Увогуле, для  праваабаронцаў з іншых краін Беларусь, падобна, становіцца краінай за сямю пячаткамі. І выпадкаў  дэпартацыі замежных грамадзян з кожным годам становіцца ўсё болей і болей. Напрыклад, праваабаронцы з Нарвежскага хельсінскага камітэту 15 чэрвеня апоўначы былі затрыманыя ў Менскім аэрапорце. Грамадзянка Расіі Іна Сангажыева і грамадзянка Украіны Вольга Шамшур накіроўваліся з Франкфурта ў Менск па асабістых справах. Аднак памежнікі  знайшлі іх прозвішчы ў сьпісе непажаданых для ўезду ў краіну асобаў. У пашпарты праваабаронцам былі пастаўленыя пячаткі “Уезд забаронены”.

Найбольш выразна “негалосная” забарона на ўезд у Беларусь для замежных праваабаронцаў выявілася пад час крымінальнага суду над старшынём Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім. Беларуская амбасада ў Парыжы адмовілася выдаць візу ў Беларусь прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн, спаслаўшыся на непажаданасць яе прысутнасьці ў Менску. Персонамі non grata для беларускіх уладаў сталі таксама кіраўнік праграм праваабарончай арганізацыі “ Сivil Right Defenders” са Швецыі Мары Менсан, праваабаронцам з Нарвегіі Ане Бондэ і Дайвэ Петкевічутэ, якія прадстаўляюць Фонд Дамоў правоў чалавека. Беларуская амбасада таксама адмовіла ў выдачы візы прадстаўніцы Нарвежскага Хельсінскага камітэту Бэрыт Ліндэман. Пры гэтым, напярэдадні ёй паведамілі па тэлефоне, што віза гатовая і яе можна забраць у любы час. Акрамя гэтага, адмовы атрымалі праваабаронца Марыяна Роча з Partnership for Human Rights (Бельгія) і Рэйчэл Дэнбер з арганізацыі Human Rights Watch.

Наступная “непажаданая” для уладаў Беларусі катэгорыя - замежныя палітыкі і афіцыйныя асобы. Многія з іх ўвогуле не могуць цягам многіх гадоў патрапіць на тэрыторыю Беларусі па прычыне адмоваў у атрыманьні візаў ад консульскіх службаў Беларусі. Дэпутату шведскага парламента Крысціяну Хольму, які прадстаўляе Умеранную кааліцыйную партыю Швецыі, адмовілі ў беларускай візе 3 сакавіка.

Старшыня спецыяльнай рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі Ута Цапф не змагла патрапіць на судовы працэс над экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам. 10 траўня яна дведалася пра адмову ў атрыманні беларускай візы.

Мэру літоўскай сталіцы Артурасу Зуокасу адмовілі ў візе пасля яго сустрэчы з беларускай апазіцыяй.  Яшчэ сёлета ўвесну мэр літоўскай сталіцы хацеў наведаць Астравец, дзе будуецца беларуская АЭС. Туды яго запрасіў кіраўнік Астравецкага раёна Адам Кавалько. У беларускай амбасадзе Зуокасу не далі ні дзелавую, ні турыстычную візу. Нагадаем, што 21 кастрычніка віленскі мэр сустрэўся з лідарамі беларускай апазіцыі і жонкамі палітзняволеных.

Нават пры наяўнасьці дзеючай беларускай візы грамадзян замежных краін спыняюць пры перасячэньні мяжы. Так, 14 жніўня не пусцілі ў Беларусь старшыню аб’яднаньня “Wspólnota Polska” Лонгіна Камалоўскага, а 15 жніўня польскага дэпутата Еўрапарламента Марэка Мігальскага знялі з цягніка і адправілі назад у Польшчу.

Традыцыйна, у спіс “небяспечных” асоб траплялі замежныя журналісты і пісьменьнікі, якія  спрабавалі атрымаць інфармацыю з першых вуснаў. Карэспандэнт расейскага тэлеканалу «Дождж» Радыён Марынічаў 29 траўня, у нядзелю, сустракаўся з беларускімі паэтамі, 30 траўня раніцай — з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім, потым з журналісткай Ірынай Халіп. 31 траўня журналісту паведамілі, што ён занесены ў спісы і мусіць пакінуць Беларусь неадкладна.

Журналіста «Маскоўскага камсамольца» Ігара Кармазіна, які прыехаў у Рэспубліку Беларусь для падрыхтоўкі рэпартажу пра апазіцыю, дэпартавалі з краіны ў ноч на сераду з 25 на 26 кастрычніка.

У ноч на 5 cнежня ў аэрапорце Мінск-2 прадстаўнікам нарвежскага ПЭН-Цэнтра (генеральны сакратар Карл Мортан Іверсан, сябра Праўлення Уільям Нюгард і выдавец Трыгве Ослюнд) і дацкага ПЭН-Цэнтра (сябра Праўлення і журналіст Нільс-Івар Ларсан) адмовілі ў візах і дэпартавалі на радзіму.

Сярод дэпартаваных замежнікаў - валанцёры замежных дабрачынных арганізацый. Напрыклад, Магдалена Каліноўска пакінула Беларусь 16 лістапада. На наступны дзень была дэпартаваная яе калега Кінга Ксёнджэк. З’яўляючыся супрацоўніцамі фонду «Institutum Orientalium», яны займалася пошукам людзей для навучання ў Польшчы ў галіне вядзення турыстычнага бізнесу, а таксама бізнесу звязанага з сельскай гаспадаркай і транспартам.

За ўдзел у антыядзерным пікеце грамадзяне Германіі і Польшчы Юліана Грынец, Андрэас Шэлхас, Яніна Ролік, Гвіда Хансен, Ян Хендрык Кроп, Катрын Хайнрых і Дарота Кубашэўска па рашэнні суда 28  красавіка былі дэпартаваныя з Беларусі.

Нават вядомыя і аўтарытэтныя беларусы, якія стала пражываюць  за мяжой, выклікаюць пэўную небяспеку для ўладаў і адпаведна трапляюць у негалосныя спісы. Сябра Рады па сувязях з беларусамі замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі, які жыве ў Літве, Хведар Нюнька 1 чэрвеня даведаўся пра адмову ў атрыманьні візы. Гэтак жа завяршылася спроба наведаць радзіму для найстарэйшай супрацоўніцы радыё «Свабода» Галіны Руднік, якой адмовілі ў беларускай візе 9 лістапада.

Згодна з “Парадкам ўезду ў Рэспубліку Беларусь, выезду з Рэспублікі Беларусь, ажыццяўлення транзітнага праезду (транзіту) праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь замежнікаў”, якім кіруецца Дзяржаўны памежны камітэт РБ, іншаземцу адмаўляецца ў выдачы вiзы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь, або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, калі: iншаземец уключаны ў Спiс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы. Аднак ніхто не ведае, кім складаецца гэты Спіс, больш таго, ён закрыты для грамадскасьці, а прычыну ўнясення прозвішча ў спісы не паведамляюць.

Прыведзеныя вышэй факты далёка не поўныя, але дастаткова яскрава сьведчаць пра намер беларускіх уладаў схаваць праўду пра сумныя рэаліі з правамі чалавека і абмежаваць уплыў аўтарытэтных міжнародных дзеячоў на беларускае грамадства.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства