Баранавіцкія прадпрымальнікі збіраюцца мітынгаваць
27 снежня баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус падаў заяву ў гарвыканкам на правядзенне мітынгу 19 студзеня 2012 года, у якім запланаваны ўдзел каля 600 чалавек. Мэта мітынгу: інфармаванне прадпрымальнікаў і грамадскасці горада аб несумленных снежанскіх выбарах Рады кааператыўнага кірмашу. Арганізатар плануемага мітынгу Мікалай Чарнавус адзначыў, што у лістападзе 2011 года прадпрымальнікі кааператыўнага кірмашу самі правялі і абралі новую Раду, у склад якой не трапілі прадстаўнікі гарвыканкама і адміністрацыі рынку. Аднак гарвыканкам не прызнаў гэтыя выбары. У сваю чаргу гарадская ўлада і адміністрацыя кірмашу правялі “правільныя” выбары і абралі новую Раду, у склад якой ужо не трапілі раней абраныя прадпрымальнікі.
- Гэтыя выбары праходзілі амаль 2 тыдні, скрыня для галасавання захоўвалася ў кабінеце дырэктара кірмашу, колькасць прагаласаваўшых застаецца невядомай. Таму мы вырашылі правесці 19 студзеня мітынг і заявіць, што выбары новай Рады былі несумленнымі і несправядлівымі,- адзначыў прадпрымальнік Мікалай Чарнавус.