Газету "Витебский курьер М" выклікалі ў суд
Сёньня, 26 ліпеня, у Кастрычніцкім судзе Віцебска будзе разглядацца зыск да мясцовай недзяржаўнай газеты "Витебский курьер М". З заявай аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі да газеты зьвярнуўся віцяблянін Аляксандр Данілаў.
Па інфармацыі прэс-службы ГА "БАЖ", прычына -- артыкул у нумары ад 14 красавіка 2006 года "Плошча Свабоды для вузкага кола асоб", ў якім аўтар выказвае меркаваньне, што рашэньне гарвыканкама аб адводзе зямельнага ўчастка грамадзяніну А. Данілаву для будаўніцтва Цэнтра моладзевага адпачынку скарасьпелае і прынятае насуперак закону: "Ні публічнага конкурсу праекта, ні тэндэру сярод падрадчыкаў. Усё неяк цішком, загадкава".
Ісьцец лічыць, што аўтар артыкула наўмысна праводзіць думку аб тым, што ён (А.Данілаў) насуперак патрабаваньням закону, выкарыстоўваючы сваяцкія сувязі і асабістае знаёмства са старшынём гарвыканкама, незаконна атрымаў рашэньне аб адводзе зямлі для будаўніцтва Цэнтра на месцы, дзе раней знаходзіўся кафедральны сабор Св. Мікалая.
А.Данілаў сьцьвярджае ў зыску, што гэтыя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, а тон артыкула і рубрыкі "Скандал", у якой ён размешчаны, зьневажаюць яго гонар і дзелавую рэпутацыю. Ён патрабуе абвергнуць інфармацыю, а свой маральны ўрон ацэньвае ў 30 мільёнаў рублёў.