Пацыенты Багушэўскай абласной сухотнай бальніцы знаходзяцца ў жахлівых умовах (фота)
Атрымаўшы звесткі пра тое, што сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Валер Ганчарэнка ў Багушэўскім абласным сухотным шпіталі (Віцебская вобласць) абвясціў галадоўку супраць жудасных умоў лекавання хворых і пасля быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне, сябры Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сіл вырашылі наведаць гэтую бальніцу.
Трапіць туды аказалася няпроста, але ўбачанае ўражвае. З часу сваёй пабудовы ў 1960-х гадах будынкі лякарні, здаецца, не бачылі рамонту. Аконныя рамы параслі цвіллю, нармальна не закрываюцца. Сцены абшарпаныя, у большасці палат маюць сляды грыбка. Зімой у палатах вельмі халодна і сыра. Гарачай вады няма. Пры гэтым пацыентам забаронена карыстацца кіпяцільнікамі і іншымі электрапрыборамі.
Хворыя скардзяцца на вельмі дрэннае харчаванне, якое не дазваляе справіцца з хваробай. Па гэтай прычыне многія з пацыентаў, у тым ліку маладыя, знаходзяцца ў абяссіленым стане і не ў стане самастойна дабрацца да прыбіральні. Замест прыбіральні ў іх тут жа ў палаце вядро з драўлянай накрыўкай.
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню пацыенты сухотнай бальніцы – не толькім людзі з нізкім сацыяльным статусам. Сярод іх ёсць і ўрачы, інжынеры і навуковыя работнікі. Захварэць можа кожны, хто мае слабы імунітэт да сухотаў. Але ж такія ўмовы ўтрымання, на думку аршанскіх палітыкаў, можна лічыць катаваннем. Вылечыцца ў гэткім асяроддзі амаль немагчыма.