Сустрэцца з бацькам Алесь Бяляцкі не паспеў...
24 снежня на 83-годдзе пайшоў з жыцця Бяляцкі Віктар Усцінавіч, бацька асуджанага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Дыягназ - рак лёгкага - дактары паставілі ў верасні, ужо пасля арышту Алеся. Было вядома, што Віктару Усцінавічу жыць засталося няшмат. У апошні час, калі стан здароўя хворага значна пагоршыўся, родныя прыклалі ўсе намаганні, каб атрымаць дазвол на сустрэчу бацькі з сынам, каб яны змаглі яшчэ паціснуць адзін адному руку, пагаварыць... развітацца пры жыцці.
Не ўдалося: старшыня суда Тамара Высоцкая дазвол нібыта дала, але не па форме, таму ў калоніі яго не прынялі, а ў Дэпартаменце выканання пакаранняў жонцы Алеся Бяляцкага Наталлі паведамілі, што адказ на яе просьбу будзе дадзены на працягу пятнаццаці дзён. Няўмольны час... але больш гідкі твар мае той, ад улады каго залежыць лёс іншых, а ён здзекуецца. Ці дазволяць цяпер Алесю правесці бацьку ў апошні шлях?
Калегі і сябры выказваюць спачуванні палітвязню, а таксама сваякам Алеся Бяляцкага з прычыны смерці бацькі.
Прымі, Гасподзь, душу чалавека, і дай моцы ягоным родным! Вечная памяць!