viasna on patreon

Наталля Шкадун дамаглася адмены папярэджанняў адміністратыўнай камісіі па справах непаўнагадовых

2011 2011-12-23T17:12:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 снежня суд Ленінскага раёна Магілёва цалкам рэабілітаваў Наталлю Шкадун і яе непаўнагадовага сына Пятра. Афіцыйныя папярэджанні, якія былі вынесены ёй і яе сыну адміністратыўнай камісіяй па справах непаўнагадовых, суд адмяніў. Суддзя Ірына Сарока палічыла, што міліцыянты і камісія дапусцілі шмат памылак падчас працы.

Нагадаем, што Пётр Шкадун разам са сваімі знаёмымі быў затрыманы міліцыяй на наступны дзень пасля правядзення Народнага сходу ў Магілёве. Яго абвінавацілі ў распіцці спіртных напояў. Наталля Шкадун адзначае, што затрыманне яе сына выглядала правакацыяй, якая ў міліцыянтаў не атрымалася.

“Майму сыну патэлефанаваў ягоны знаёмы, з якім ён ніколі моцна не сябраваў, і прапанаваў сустрэцца ў горадзе. Сын пагадзіўся. Калі яны сустрэліся, то ў знаёмага пры сабе ўжо была бутэлька піва. Праз некаторы час з’явіліся міліцыянты, якія затрымалі хлопцаў. Бутэльку піва прынёс сын пракурора. У 20-15 затрымалі майго сына, аднак форма запыту дэтальнай інфармацыі міліцыянтамі на яго была запатрабавана яшчэ раніцай у 8-24, а не пасля затрымання. Таму ўсё гэта выглядае правакацыяй”, - распавядае Наталля Шкадун.

Акрамя таго, па словах Наталлі, яе сына пратрымалі ў пастарунку болей за тры гадзіны, адабралі ў яго пашпарт і мабільны тэлефон. Не далі звязацца з маці, не азнаёмілі з яго правамі.

“У матэрыялах справы фігуруе міліцыянт, які яго не затрымліваў, аднак ён ідзе як сведка. Пратаколы складзены бязграматна. Падчас допыту на Пятра ціснулі, каб ён прызнаўся ў тым, што ўжываў спіртное, аднак гэтага не было”, - дадае жанчына.

Пасля затрымання сына Наталля Шкадун  з’явілася ў пастарунак міліцыі (пра затрыманне ёй паведаміў яго сябар) і прысутнічала пры допыце Пятра.

“Вольга Залецкая, інспектар па справах непаўнагадовых, праводзіла яго апытанне. Перад гэтым яна не азнаёміла яго з правамі, ціснула ўвесь час на яго. Я сказала, што адбываецца ціск і я патрабую прозвішчы ўсіх прысутных міліцыянтаў, бо іх у памяшканні сабралася занадта шмат, пасля чаго колькасць прысутных істотна зменшылася”, - адзначае Наталля.

Жанчына кажа, што адміністратыўная камісія па справах непаўнагадовых не прыняла да ведама яе аргументы і вынесла папярэджанні ёй і сыну.

“На паседжанне камісіі не запрасілі іншых двух хлопцаў, якія былі затрыманы разам з маім сынам. У пратаколе камісіі і пастанове камісіі аказаліся розныя дадзеныя. Усё гэта прывяло да таго, што суддзя адмяніла гэтыя папярэджанні. Вынікам суда я вельмі задаволена”, - кажа Наталля.

Таксама яна зараз чакае адказу з пракураты, куды звырнулася з нагоды дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства