Віцебскія праваабаронцы дачакаліся адказу на свае рэкамэндацыі па паляпшэньні працы судоў
Раней паведамлялася пра рэакцыю віцебскіх праваабаронцаў на прапанову Вярхоўнага суду па маніторынгу судовай сыстэмы. Яны накіравалі ў найвышэйшую судовую ўстанову дзяржавы свае рэкамэндацыі па паляпшэньні працы судоў. Вярхоўны суд ня стаў разглядаць гэтыя рэкамэндацыі, паведаміўшы, што даслаў іх старшыні Віцебскага абласнога суду. І вось, нарэшце, праваабаронцы дачакаліся хоць нейкага адказу на свае рэкамэндацыі. Адказ прыйшоў зь Віцебскага ўпраўленьня юстыцыі.
У атрыманым праваабаронцамі лісьце гаворыцца: “Ваша інфармацыя аб некаторых пытаньнях працы раённых (гарадзкіх) судоў Віцебскай вобласьці прынятая да ведама. Галоўным упраўленьнем юстыцыі Віцаблвыканкаму ў межах сваіх паўнамоцтваў і выдаткаванага Міністэрствам юстыцыі фінансаваньня робяцца захады па арганізацыйным і матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньні дзейнасьці раённых (гарадзкіх) судоў Віцебскай вобласьці”.
Адказ Упраўленьня юстыцыі праваабаронцы лічаць адпіскай. “Гэты адказ павярхоўны па сутнасьці, - сьцьвярджае Леанід Сьвецік, ініцыятар звароту ў Вярхоўны суд. - Абвешчаны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь маніторынг у межах меркаванай рэформы судовай сыстэмы краіны зьяўляецца, на жаль, толькі фармальнасьцю”.