Крэсла віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага пуставала ў Ерэване
Падчас прэзентацыі ў Ерэване гадавой справаздачы Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў месца віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага ў залі заставалася вольным. Такім чынам армянскія праваабаронцы заклікалі да вызвалення свайго беларускага калегі.
Прэзентацыю справаздачы Абсерваторыі 14 снежня праводзілі прадстаўнікі Інстытута грамадзянскай супольнасці Арменіі - прэзідэнт Арман Даніелян і кіраўнік праўлення арганізацыі, які з’яўляецца генсакратаром Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, Артак Кіракасян.
Як зазначыў Артак Кіракасян падчас прэзентацыі, на яго думку, Арменія адносіцца да ліку тых краінаў, дзе з дапамогай рэформаў можна дамагчыся станоўчых зменаў - у адрозненні ад сітуацыі ў Беларусі, дзе змена рэжыму з'яўляецца больш верагоднай шляхам рэвалюцыі. Па словах генсакратара FIDH, сярод еўрапейскіх краінаў у самым цяжкім становішчы апынуліся праваабаронцы ў Беларусі, дзе на іх аказваецца велізарны ціск.
Прадстаўнікам армянскіх СМІ падрабязней распавялі пра сітуацыю з кіраўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнтам FIDH Алесем Бяляцкім, асуджаным па палітычных матывах на 4,5 гады пазбаўлення волі.