viasna on patreon

Брэст: дзяржаўная газета пра смяротнае пакаранне і Алеся Бяляцкага

2011 2011-12-15T14:41:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest-vesnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Газета “Брестский вестник”, заснавальнікам якой з’яўляецца мясцовы гарвыканкам, змясціла артыкул Валерыя Дзяркача “Три приговора”, дзе аўтар спрабуе прааналізаваць прысуды, што былі вынесеныя ў Беларусі па справах, якія мелі вялікі рэзананс. Але гэты аналіз прымае ў журналіста дзяржаўнага выдання дзіўныя формы.

 

Гаворачы пра працэс над Канавалавым і Кавалёвым, аўтар іранізуе над “сусветнай грамадскасцю”, якая, на яго думку, “гатова шалёна адстойваць жыццё двух маладых людзей, якія, згодна з матэрыяламі следства, спрычыніліся да гібелі сваіх суграмадзян, і захоўвае ганарлівае маўчанне, калі на іх вачах адбываецца масавае знішчэнне мірнага насельніцтва краін арабскага свету”. Беларусы, па словах Валерыя Дзяркача, пакуль не магуць пагадзіцца на адмену смяротнага пакарання, але з гэтагага не павінна вынікаць, што “мы не такія гуманныя як еўрапейцы, якія вадамётамі вырашаюць усе справы”. Што тычыцца магчымай судовай памылкі ў справе “віцебскіх тэрарыстаў”, дык аўтар артыкула лічыць, што за гэта будзе адказваць сам суддзя “перад сваім сумленнем і Богам”.

 

Узгадваецца ў публікацыі “Брестского вестника” і суд на віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніком праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім. Аўтар і тут робіць выснову, што “міжнародная грамадскасць мае асаблівае меркаванне, якое супярэчыць беларускаму заканадаўству”. А усё гэта таму, што грошы ад замежных спонсараў былі накіраваны на развіцце праваабарончага руху ў Беларусі, а значыць на звяржэнне “ненавіснага рэжыма” – падсумоўвае Валерый Дзяркач. Зразумела, што аўтар артыкула не згадвае, што праваабарончы цэнтр “Вясна” быў зачынены беларускімі ўладамі, затое выказвае здзіўленне: чаму грошы апынуліся не на рахунку праваабарончай арганізацыі, а на асабістым рахунку Бяляцкага. Далей журналіст дзяржаўнай газеты даводзіць чытачам, што, быццам бы, калегі кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” здзіўляліся, даведаўшыся, пра якія сумы грошай ідзе размова, і што Алесь Бяляцкі распараджаўся імі як асабістымі, а таму тэарэтычна мог паехаць гэтым коштам “куды-небудзь на Канары”. На заканчэнне артыкула Дзяркач зноў сцвярджае, што атрыманыя праваабаронцамі грошы з-за мяжы ідуць нібыта на арганізацыю “масавых пратэстаў”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства