viasna on patreon

Праваабаронцы пачалі збор сродкаў для выплаты ўрону па справе Алеся Бяляцкага

2011 2011-12-15T18:01:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/presucha-dapamoha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія праваабаронцы распачалі кампанію па зборы сродкаў, якія былі прысуджаныя Алесю Бяляцкаму да выплаты ў якасьці “шкоды, нанесенай злачынствам”. Пра гэта прадстаўнікі праваабарончых арганізацый абвясьцілі на адмысловай прэс-канферэнцыі.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: старшыня “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” Алег Гулак, намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, старшыня Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Сумма, якую, згодна з рашэньнем суда, Алесь Бяляцкі павінен выплаціць, складае 757 млн. 526 тыс. 717 рублёў (прыкладна каля 90 тысячаў долараў). Праваабаронцы зьвярнулі асаблівую ўвагу на тое, што Алесь Бяляцкі не прызнае сваю віну, а беларуская і міжнародная праваабарончая супольнасьць разглядаюць прысуд старшыні “Вясны”, як палітычны.

Як адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, “вельмі небясьпечна, калі мы, баронячы нашыя правы, калі мы ўвесь час апелюем да замежжа, калі спадзяемся, што, вось, яны нам дапамогуць”. “Гэта важная і патрэбная дапамога. Але найбольш важна – падтрымка адзін аднога тут, унутры, салідарнасьць унутраная. І такія прыклады ёсьць. Асабліва гэтая салідарнасьць праявілася ў 2010 годзе – такой хвалі да гэтага не было. Я заклікаю ўсіх сумленных людзей праявіць гэтую салідарнасьць”,- заявіў лідар Руху “За свабоду”.

Кіраўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч падчас прэс-канферэнцыі зьвярнуў увагу на наступнае: “Мы накіроўваем кампанію таксама на тое, каб стварылася салідарнае беларускае грамадства, якое здолее вызваліць не толькі Алеся Бяляцкага, але і іншых беларускіх палітвязьняў, а таксама наблізіць Беларусь да лепшае будучыні”.

Інфармацыя пра банкаўскія рэквізіты, на якія можна будзе пералічыць сродкі, будуць пададзеныя цягам дня 15 сьнежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства