У Бялыніцкім раёне таксама практыкуецца прымусовая падпіска на дзяржвыданні
У Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці па-ранейшаму працягваецца практыка прымусовай падпіскі на дзяржаўныя СМІ. У прыватнасці, настаўнікі і выхавацелі дзіцячых садкоў скардзяцца на тое, што чыноўнікі з аддзела адукацыі райвыканкама настойліва “рэкамендуюць” падпісвацца на пэўныя выданні і абяцаюць праблемы, калі хто на гэтыя выданні падпісацца не захоча. Адказнымі за выкананне планаў па падпісцы ў сваіх установах прызначаюцца дырэктары школ і загадчыкі дзіцячых садкоў.
Абавязковай для ўсіх педагогаў Бялыніцкага раёна з’яўляецца падпіска на газету адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия” і ведамасную “Настаўніцкую газету”, праўда, супрацоўнікі дзіцячыў садкоў могуць выпісаць замест гэтага выдання часопіс “Пралеска”. Акрамя гэтага, кожны працаўнік на ніве адукацыі павінен у абавязковым парадку падпісацца на раённую газету “Зара над Друццю” і на адно абласное дзяржаўнае выданне (часцей за ўсё ім з’яўляецца аблвыканкамаўская газета “Магілёўскія ведамасці”). Чамусьці па незразумелых нам прычынах у чыноўнікаў аддзела адукацыі асабліва вялікай папулярнасцю карыстаецца таксама і газета “Юный спасатель”, на якую таксама настойліва “рэкамендуюць” падпісацца амаль кожнаму педагогу.
Сумна толькі тое, што нашы паважаныя і адукаваныя сеяльнікі “разумнага, добрага, вечнага”, якія вучаць дзяцей быць прыстойнымі людзьмі, скардзяцца на парушэнні сваіх правоў у прыватных гутарках, але баяцца ўзняць пытанне перад чыноўнікамі з райвыканкама…
Пра тое, што ім даведзены жорсткія планы па забеспячэнні падпіскі на дзяржвыданні, распавядаюць і супрацоўнікі паштовых аддзяленняў Бялыніцкага раёна. “Калі я не падпішу чытачоў на запланаваную колькасць нумароў той жа “Советской Белоруссии”, то мяне пазбавяць прэміяльных на ўвесь квартал, – распавядае паштальён аднаго з паштовых аддзяленняў раёна. – Таму, калі не выконваецца план па нейкім дзяржвыданням, даводзіцца самім выпісваць па некалькі экзэмпляраў газет”.