Бабруйчане віншуюць палітвязняў з надыходзячымі святамі
Дэмакратычныя актывісты горада Бабруйска 12 снежня накіравалі ўсім беларускім палітзняволеным віншавальныя паштоўкі з надыходзячымі святамі - Раством і Новым годам. Правядзенне акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў у горадзе ініцыявалі бабруйскія актывісты кампаніі “Гавары праўду!”.
“Усяго мы падпісалі і адаслалі па пошце некалькі дзесяткаў такіх віншавальных паштовак, - кажа каардынатар кампаніі “Гавары праўду!” па горадзе Бабруйску Алена Мядзведзева. – Паштоўкі дасылалісь усім беларускім палітвязням, адрасы тых месцаў, дзе яны адбываюць пакаранне, мы даведаліся з дапамогай інтэрнэт-сайта Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Такім чынам мы хацелі хоць неяк падтрымаць гэтых мужных людзей і паказаць, што мы пра іх памятаем. Вельмі важна, каб святочныя дні не былі самотнымі для палітвязняў”.
Па словах Алены Мядзведзевай, паштоўкі адпраўлялісь загадзя, каб палітвязні змаглі атрымаць іх да святаў.
“ Мы ведаем, што лісты ў выпраўленчыя калоніі чамусьці ідуць вельмі доўга, таму даслалі віншавальныя паштоўкі загадзя, каб палітвязні здолелі атрымаць іх да святаў. Пісалі паштоўкі ў асноўным жанчыны. Спадзяёмся, нашы віншаванні дойдуць і хоць крышачку сагрэюць гэтых мужных мужчын,” – кажа Алена Мядзведзева.