БАЖ прапануе МУС сустрэчу за «круглым сталом»
У лісце, накіраваным у панядзелак на імя міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, БАЖ прапануе зладзіць сустрэчу прадстаўнікоў праваахоўных органаў і журналісцкай супольнасці Беларусі дзеля абмеркавання «праблем узаемадачыненняў журналістаў і супрацоўнікаў міліцыі, дзейнасці міліцэйскай „інфармацыйнай групы“, неабходнасці спецыяльнага абазначэння супрацоўнікаў СМІ ў часе асвятлення вулічных акцый» і гэтак далей.
Журналісцкая арганізацыя нагадвае Анатолю Куляшову, што папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні такой сустрэчы была дасягнута на сустрэчы прадстаўнікоў БАЖ і МУС яшчэ ў ліпені бягучага года. Пра магчымасць «круглага стала» гаварылася таксама ў адказе з міністэрства на зварот журналісцкай арганізацыі ад 5 ліпеня 2011 года.
У якасці станоўчага прыкладу цывілізаванага і плённага ўзаемадзеяння сілавікоў і журналістаў БАЖ прыводзіць досвед суседняй Украіны, дзе цягам лістапада міністр унутраных спраў Віталь Захарчанка і яго падначаленыя правялі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі СМІ. Першым вынікам дыскусій стаўся зварот міністра да работнікаў органаў унутраных спраў, у якім ён кажа не толькі пра недапушчальнасць стварэння перашкодаў журналістам, але і пра неабходнасць «спрыяць законнай дзейнасці масмедыя, бо яны з’яўляюцца збіральнікамі важнай інфармацыі, якую павінны данесці да шырокай грамадскасці».