Акцыя ў Хоцімску да Дня правоў чалавека
У гарадскім пасёлку Хоцімск, што ў Магілёўскай вобласці, 9 снежня прайшла акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня правоў чалавека. Мясцовыя актывісты кампаніі “Гавары праўду!” на працягу гадзіны раздавалі жыхарам Хоцімска брашуры с тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама спецвыпуск інфармацыйнага бюлютэня магілёўскіх праваабаронцаў “Праваабарончы веснік”, у якім змешчаны тэкст апошняга слова кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” на судовым працэсе па яго справе.
“ У цэлым акцыя прайшла нармальна, абыйшлося без усялякіх нечаканасцяў, - распавядае каардынатар кампаніі “Гавары праўду!” па ўсходняму рэгіёну Магілёўскай вобласці Валерый Каранкевіч. –Улады перашкод не чынілі, магчыма, што і з-за таго, што акцыю мы правялі якраз падчас перапынку на абед. Людзі з цікавасцю бралі інфармацыйныя матэрыялы, былі, праўда, і такія, якія абыходзілі нас бокам. Многія людзі вельмі запалоханыя, асабліва тыя, якія працуюць у бюджэтных установах. Думаю, што ім будзе карысна азнаёміцца з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, якую ў свой час распрацоўвала і наша краіна”.
Валерый Каранкевіч адзначыў, што ў бліжэйшы час хоцімскія актывісты “Гавары праўду!” збіраюцца выказаць сваю салідарнасць с палітвязнямі, арганізаваўшы распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў у іх падтрымку.