viasna on patreon

Дзесяты дзень жонка астравецкага актывіста Івана Крука чакае зьвестак пра мужа

2006 2006-07-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 ліпеня - ужо дзясяты дзень, як астравецкі дэмакратычны актывіст Іван Крук адбывае пакараньне, але сямя дагэтуль ня ведае, у якой папраўчай установе, паведамляе радыё "Свабода". Нагадаем, што 15 траўня яго асудзілі на 6 месяцаў арышту за гвалтоўныя дзеяньні супраць міліцыянтаў.
Жонка Івана Крука Вольга дзясяты дзень чакае, што зь міліцыі ёй дашлюць нейкі ліст, у якім паведамяць, дзе адбывае пакараньне ейны муж. У панядзелак 10 ліпеня Іван Крук зьявіўся ў Астравецкі райаддзел міліцыі, адкуль яго ў той жа дзень этапавалі ў Смаргонскі сьледчы ізалятар. Сын Аляксандар таксама чакае зьвестак ад бацькі.
Адвакат Алена Халупка зьдзіўленая, што мінула дзесяць сутак, а сямі Івана Крука дагэтуль не паведамілі, дзе ён. Яна думае, што хутчэй ён напіша ліст сам: "Тут сытуацыя такая, што ліставаньне там не забароненае. Так што, магчыма, ён сам хутка дашле ліст".
У пятніцу ў пракуратуру зноў выклікаюць сына Івана Крука Аляксандра. Нагадаем, што на яго паўторна завялі крымінальную справу і вінавацяць у крадзяжы грошай. Першы раз справа была закрытая пасьля таго, як Івана Крука асудзілі, але калі ён падаў апеляцыю ў абласны суд, супраць ягонага сына зноў пачалі крымінальную справу.
Нагадаем, што падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў кватэры Івана Крука праводзілі ператрус у сувязі са справай сына. Нічога не знайшлі, але сканфіскавалі некалькі асобнікаў недзяржаўных бюлетэняў, а потым іх зацікавіў кампутар. Крук адмовіўся яго аддаваць, і калі міліцыянты вырывалі сыстэмны блок з гаспадаровых рук, той кінуў кампутар на падлогу і разьбіў.
Гэтыя дзеяньні Івана Крука суд прызнаў гвалтам у дачыненьні да міліцыянтаў.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Іван Крук зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча й Аляксандра Казуліна. Вынесены яму прысуд ён лічыць палітычна матываваным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства