У Салігорску быць Дзедам Марозам можна толькі з дазволу ідэалагічнага аддзелу
Каб павіншаваць салігорскіх дзетак з Калядамі і Новым годам -- патрэбны адмысловы дазвол начальніка раённага аддзелу адукацыі, узгоднены з ідэалагічным кіраўніцтвам райвыканкаму. Аб гэтым мясцовым праваабаронцам паведмілі жыхары гораду, якія вырашылі правесці святочную дабрачыную акцыю.
За дапамогай у сваёй справе салігорскія валанцёры звярнуліся да мясцовых чыноўнікаў:
- Мы вырашылі павіншаваць тых дзетак, чые бацькі не могуць сабе дазволіць выклікаць Дзеда Мароза для віншаванняў. Патэлефанавалі ў аддзел адукацыі, каб яны нам падказалі, да якіх салігорскіх сем’яў лепш схадзіць. Сказалі, што маем адмысловыя святочныя строі ды падарункі і хочам правесці вось такую невялічкую дабрачынную акцыю для сацыяльна неабароненых дзяцей нашага гораду.
Чыноўнікам, аднак, такая філантропія прыйшлася недаспадобы. Дзяліцца інфармацыяй яны не сталі і заявілі, што для навагодніх віншаванняў ад імя Дзеда Мароза і Снягургі патрэбны адмысловы дазвол начальніка аддзела адукацыі ды ідэалагічнага аддзелу выканкаму.
Ініцыятары акцыі гэткі падыход да справы не ўпадабалі і вырашылі заняцца пошукамі самастойна.