viasna on patreon

Ёхан Бір: Гэты год быў жахлівы для свабоды слова ў Беларусі

2011 2011-12-07T15:12:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнік бюро Еўропы і краін былога Савецкага Саюза арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (Reporters Sans Frontières) Ёхан Бір (Johann Bihr) распавёў сайту БАЖ пра новыя падыходы пры складанні Сусветнага індэкса свабоды прэсы (Worldwide Press Freedom Index), а таксама даў папярэднюю ацэнку стану свабоды слова ў Беларусі ў 2011 годзе.

— Раней RSF публікавала Сусветны індэкс свабоды прэсы ў кастрычніку, у гэтым годзе грамадскасць пакуль не пабачыла гэтай справаздачы. З чым гэта звязана?

— Так, мы прадстаўлялі Індэкс свабоды прэсы ў кастрычніку, у гэтым жа годзе вырашана публікаваць яго ў студзені. У першую чаргу гэта зроблена для больш лёгкага ўспрымання. Папярэднія справаздачы ахоплівалі перыяд з верасня мінулага года па верасень бягучага. Індэкс-2011 будзе распаўсюджвацца менавіта на цэлы 2011 год.

Акрамя таго, мы вырашылі публікаваць Карту свабоды слова адначасова з Індэксам — раней была разбежка ў 2–3 месяцы. Зараз, на наш погляд, дадзеныя Карты і Індэкса будуць зручней для ўспрымання і інтэрпрэтацыі.

Змены закранулі і самае галоўнае — апытальнік, на падставе якога і рыхтуецца Індэкс. Зараз анкета больш дэталізаваная. Так, роўная ўвага нададзена як і негатыўным, так і пазітыўным фактарам. Гэта значыць, што пытанні будуць тычыцца не толькі колькасці забітых, параненых, асуджаных журналістаў, але і, напрыклад, заканадаўчай абароны крыніц інфармацыі і г.д.

Асабліва адзначу праблему кіберцэнзуры. Мяркую, што гэта цяпер найбольш небяспечная рэч для свабоды слова ў Беларусі, Расіі, іншых краінах былога СССР, дзе традыцыйныя СМІ практычна цалкам знаходзяцца пад кантролем уладаў, а непадцэнзурная інфармацыя пайшла ў Сеціва.

Нагадаю, што ў Беларусі падчас нейкіх значных падзей, акцый блакуецца доступ да незалежных рэсурсаў, літаральна днямі гэта ж мы назіралі падчас парламенцкіх выбараў у Расіі. Прыняты жорсткія меры кіберцэнзуры ў рэспубліках Цэнтральнай Азіі.

«Рэпарцёры без межаў» ужо некалькі гадоў публікуюць асобны даклад па праблеме кіберцэнзуры ў сакавіку, але з гэтага году дадаткова надамо ўвагу свабодзе слова ў Сеціве праз Індэкс.

— Якім, на Вашу думку, быў 2011 год для свабоды прэсы ў Беларусі?

— Яшчэ рана падводзіць вынікі, бо цяпер мы яшчэ апрацоўваем дадзеныя. Але я ўжо магу заявіць, што 2011 год быў жахлівы для свабоды слова ў Беларусі. Вядома, сітуацыя са свабодай слова ўжо даўно тут была вельмі цяжкай, мы назіраем паўсюдную цэнзуру, узмацненне ціску на незалежную прэсу, якой і так няшмат у краіне. Але пачынаючы з 19 снежня 2010 года ўжо можна гаварыць пра вельмі жорсткія рэпрэсіі. Арышты журналістаў, блогераў, суды, вымушаная эміграцыя рэдактара «Хартыі’97» Наталлі Радзінай, крымінальная справа супраць Андрэя Пачобута і забарона на выезд з краіны пасля прысуду, пасягальніцтвы на «Нашу Ніву» і «Народную волю»... Так што сітуацыю мы расцэньваем як вельмі і вельмі складаную для тых журналістаў, якія працуюць у краіне.

Можна сказаць, што ў гэтым годзе кожная значная падзея станавілася падставай для ўзмацнення рэпрэсій. Напрыклад, маўклівыя акцыі пратэсту, калі вельмі шмат журналістаў затрымлівалася, папярэджанне «Нашай Ніве» пасля выбуху ў мінскім метро…

У рэшце рэшт, у 2011-м у Беларусь прыйшоў эканамічны крызіс. Вельмі моцны крызіс — і гэта зноў стала падставай дзеля істэрыі з боку ўладаў, якія абвінавацілі журналістаў і блогераў у ачарненні рэчаіснасці. Беларусь была на 154-м месцы са 178-і магчымых у апошнім Індэксе свабоды прэсы. Без сумневу, у гэтым годзе месца будзе значна ніжэй. Можна ўпэўнена казаць пра пагаршэнне сітуацыі са свабодай слова, і не толькі слова.

— Як «Рэпарцёры без межаў» дзейнічаюць у сітуацыях з парушэннямі свабоды прэсы ў той ці іншай краіне?

— Мы працуем у трох напрамках. Ёсць праца, якую ведаюць усе — справаздачы, індэксы, заявы. Але ёсць і лабіяванне, калі мы наўпрост звяртаемся да ўрадаў, у міжнародныя інстанцыі, у Савет па правах чалавека ААН, у Брусэлі ў нас ёсць адмысловы прадстаўнік, які ўвесь час сустракаецца з дэпутатамі Еўрапейскага парламента, кіраўнікамі камісій.

Ёсць яшчэ адзін напрамак — дапамога журналістам у бядзе. На мой погляд, гэта вельмі важны аспект нашай працы, хоць і не самы вядомы — звычайна мы пра яго не гаворым і не публікуем спісы тых, каму аказваецца дапамога. Гэта журналісты, якія, напрыклад, падвергліся нападам. RSF наўпрост дапамагае фінансамі для аплаты лячэння, плацім за паслугі адваката, калі супраць журналіста вядзецца працэс. Бываюць выпадкі, калі мы дапамагаем не журналісту, а яго сям’і, калі журналіст ці блогер знаходзіцца ў турме або загінуў, а ягоныя блізкія застаюцца без сродкаў да існавання. Гэта невялікія сумы, але гэта прамая дапамога.

Беларусь цяпер, мабыць, тая дзяржава, з якой можна размаўляць толькі праз гандаль — крэдыты ў абмен на вызваленне апанентаў. Гандаль — гучыць жудасна, вядома. Але гэта, на жаль, рэальнасць. Перамовы — за еўрадэпутатамі, палітыкамі, але «Рэпарцёры без межаў» не застаюцца ўбаку ад працэсу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства