Крычаўскія падаткавікі аштрафавалі рэдактара “Вольнага горада”
6 снежня рэдактара незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага выклікалі ў мясцовую падатковую інспекцыю, дзе ўручылі рашэнне аб вынесеным штрафе на 350 тысяч рублёў (10 базавых велічынь) за няправільна складзеную дэкларацыю аб прыбытках. У прыватнасці, журналіста абвінавацілі ў тым, што што ён у дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці за 2009 і 2010 гады не пазначыў прыбыткаў сваёй жонкі, якія патрэбна было ўказаць як дадатковыя.
“Я літаральна перад выклікам у падатковую інспекцыю толькі выпісаўся з Магілёўскай абласной бальніцы, дзе праходзіў курс лячэння на працягу двух тыдняў, і тут такі “сюрпрыз” з боку падаткавікоў, - распавядае Сяргей Няроўны. - Лічу, што гэты штраф, увесь гэты ціск з боку падаткавікоў на мяне, звальненне з працы ў верасні гэтага года маёй жонкі, звязаны толькі з маёй працай у якасці рэдактара “Вольнага горада”. У газеце мы змяшчаем вельмі шмат крытычных артыкулаў аб дзейнасці чыноўнікаў розных рангаў, вось улады і “ціснуць” на мяне праз падаткавую інспекцыю, каб неяк зменшыць крытычную скіраванасць газеты”.
У верасні адміністрацыя не прадоўжыла працоўны кантракт з жонкай Сяргея, Таццянай Лейбуцінай, якая адпрацавала настаўніцай у крычаўскім ліцэі № 4 дзесяць гадоў. Толькі ў лістападзе кваліфікаваны педагог здолела знайсці працу ў Крычаўскім раёне, уладкаваўшыся сацыяльным работнікам па дагляду за нямоглымі старымі. Праз пяць дзён пасля звальнення жонкі Сяргея з ліцэя супрацоўнікі Крычаўскай падатковай інспекцыі запатрабавалі ад журналіста прадаставіць дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці за 2009 і 2010 гады.
“Мне адразу ж неафіцыйна паведамілі, што ўказанне “націснуць” на мяне мясцовыя падаткавікі атрымалі непасрэдна з Дэпартамента фінансавых расследванняў КДК, - кажа Сяргей Няроўны. – Аднак як законапаслухмяны грамадзянін, дэкларацыю я падрыхтаваў і падаў, потым яшчэ паўторна рабіў розныя ўдакладненні па патрабаванні падаткавікоў. Урэшце рэшт усё роўна пакаралі штрафам. Лічу, што гэта своеасаблівае папярэджанне мне, як журналісту і рэдактару газеты “Вольны горад”, з боку мясцовых уладаў, маўляў, калі будзеш паводзіць сябе няправільна, можа быць і горш. Але мы працуем толькі для нашых чытачоў, таму ніякі ціск не будзе мець поспехаў”.
Газета “Вольны горад” карыстаецца папулярнасцю сярод насельніцтва ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Яна распаўсюджваецца накладам у 299 экземпляраў, бо зарэгістраваць газету, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, журналісты не змаглі, мясцовыя ўлады заўсёды выступалі супраць гэтага.