Слонімскі выканкам падзяліў журналістаў
Намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Вячаслаў Апановіч
не хацеў пускаць журналістку недзяржаўнай "Газеты Слонімскай" на
сустрэчу з гродзенскім губернатарам. Журналісты дзяржСМІ на сустрэчу былі
запрошаныя.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра 1 снежня праводзіў
у Слоніме прыём жыхароў раёна па асабістых пытаннях. Рэдакцыя "Газеты
Слонімскай" папрасіла акрэдытацыю свайго журналіста на гэтую сустрэчу. Накіраваўшы загадзя запыт у
Слонімскі райвыканкам і Гарадзенскі аблвыканкам, адказ рэдакцыя атрымалі толькі
ад мясцовых уладаў. Адказ быў адмоўным. Прадстаўнікі ўлады спаслаліся на
артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года № 407-ХIII "Аб
зваротах грамадзян»: службовыя асобы і іншыя работнікі дзяржаўных органаў не
маюць права выдаваць звесткi аб асабiстым жыццi грамадзян без iх згоды, якія
сталі ім вядомымі ў сувязі з разглядам зваротаў. І тут узнікае пытанне: ці можа
лічыцца асабістым зварот грамадзяніна, напрыклад, па пытаннях ЖКГ, добраўпарадкавання вуліц і г.д. Хіба гэта з'яўляецца
ўварваннем у прыватнае жыццё?
Адказу з Гарадзенскага аблвыканкама рэдакцыя зусім не атрымала. Таму
карэспандэнт Ганна Валадашчук сама вырашыла туды патэлефанаваць і пацікавіцца,
якое рашэнне было прынята. Але, на жаль, ні ў прыёмнай старшыні аблвыканкама,
ні ў ідэалагічным аддзеле ніхто не мог даць адназначнага адказу. Тады
журналістка сама накіравалася ў Слонімскі райвыканкам да кабінета № 417, дзе
павінен быў адбыцца прыём грамадзян Сямёнам Шапірам. Бліжэй да 11 гадзін нікога
яшчэ не было, толькі праз некаторы час прыйшлі прадстаўнікі мясцовых СМІ:
«раёнкі» і СлонімТВ, а затым
з'явіўся і намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Вячаслаў Апановіч. Ён
прапанаваў ім прайсці ў прыёмную старшыні раённага Савета дэпутатаў. А
прысутнасць журналісткі "Газеты Слонімскай» ў Вячаслава Апановіч выклікала
абурэнне і здзіўленне.
-Што вы тут робіце? Вам быў дадзены адказ, што ў акрэдытацыі «газеце
Слонімскай» адмоўлена. Ідзіце хутчэй, - прыспешваў журналістку ўсхваляваны чыноўнік.
Аднак журналістка не збіралася нікуды сыходзіць, вырашыла дачакацца самога Шапіру і пачуць адказ з яго вуснаў.
Зразумеўшы, што журналістка не збіраецца сыходзіць, Вячаслаў Апановіч ўсё ж
папрасіў і яе прайсці ў прыёмную да калег. Там журналістка спытала ў яго: чаму
прадстаўнікам дзяржаўнай газеты і мясцовага тэлебачання можна прысутнічаць на
прыёме, а ёй не?
-Мы напісалі вам адказ, вы яго атрымалі, - нагадаў яшчэ раз прадстаўнік улады.
Узнікае пытанне: для каго тады пішуцца ўсе гэтыя законы? Бо згодна з п. 2.1. ч.
2 арт. 34 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», у сувязі
з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў журналіст мае права збіраць, запытваць і
атрымліваць інфармацыю ў
дзяржаўных органаў, а таксама захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, неабходную
для ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці. У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона
РБ «Аб сродках масавай інфармацыі», адным з асноўных прынцыпаў дзейнасці сродкі
масавай інфармацыі з'яўляецца дакладнасць інфармацыі, якая павінна адпавядаць
рэчаіснасці. Атрымліваецца, што не для ўсіх літара закона аднолькавая: адных
пазбаўляюць незаконна правоў самі ж прадстаўнікі ўлады, а іншым інфармацыя чамусці даступная. Пра гэта журналістка і напісала на старонках «Газеты Слонімскай».