Суд накіраваў Аляксандра Крутога на прымусовае лячэнне
Суд над бацькам пацярпелай ад тэракту ў метро Інэсы Крутой праходзіў у закрытым рэжыме.
У залі прысутнічалі толькі пракурор, суддзя, сакратар, законны прадстаўнік і
пацярпелая ўрач Валянціна Чупік. Яна запатрабавала праводзіць паседжанне ў
закрытым рэжыме.
Аляксандра Крутога прызналі неадэкватным і накіравалі на лекаванне ў стацыянар
са звычайным назіраннем. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла Інэса Крутая.
"Прызнана, што яму патрэбна лекаванне на агульным рэжыме, пакуль не
вылечаць, на разгляд дактароў. Абскардзіць можна цягам 10 дзён, да ўступлення
прысуду ў сілу бацька будзе ўтрымлівацца ў турме".
Гэтае рашэнне сваякі будуць абскарджваць разам з адвакатам. Інэса Крутая
лічыць, што яе бацьку пакаралі за іншадумства і адстойванне сваёй пазіцыі.
Нагадаем, што Аляксандра Крутога затрымалі 20 верасня пасля таго, як ён актыўна
выступіў у судзе па справе аб тэракце ў метро “Кастрычніцкая”. Ён заклікаў
перанесці разбор гэтай справы да таго моманту, пакуль у Беларусі не будзе
адмененае смяротнае пакаранне. Пасля затрымання Крутога абвінавацілі ў
хуліганстве, якое ён нібыта здзейсніў 17 жніўня, яму інкрымінавалі, што ён
абліў аналізамі урача Валянціну Чупік.