Маркевічам “узмацнілі” Магілёўшчыну, а Мажэйкам – Гомельшчыну
Па-за межамі Гарадзенскай вобласці будуць адбываць пакаранне журналісты забароненай гарадзенскай газеты ПАГОНЯ. Сёння ў 18.00 ў Крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кастрычніцкага раёна Гародні ім выдадзенае прадпісанне з’явіцца на месцы адбыцця пакарання да 1 верасня: Паўлу Мажэйку - у Жлобін Гомельскай вобласці, Міколе Маркевічу – у Асіповічы Магілёўскай вобласці.
Начальнік Крымінальна-выканаўчай інпекцыі Вечаслаў Савіч выдаў журналістам па 10 000 рублёў на квіткі і папярэдзіў, што калі яны не прыбудуць на месцы пакарання да 1 верасня, то будуць арыштаваныя. Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч плануюць выехаць з Гародні ў суботу на 22.37 цягніком “Гародня-Гомель”.
Па словах Паўла Мажэйкі, падчас размовы з ім Вечаслаў Савіч паведаміў, што 99 % асуджаных гарадзенцаў адбываюць пакаранне на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці. Толькі ў выключных выпадках асуджаныя могуць быць скіраваныя па-за межы вобласці. Аднак у Камітэце выканання пакаранняў Міністэрства Унутраных Справаў не ўлічылі нават тое, што Мікола Маркевіч мае 13-гадовую дачку, а гэта паводле закону дазваляла прыняць рашэнне аб адбыцці пакарання па месцы жыхарства.
- Яшчэ ў 15.00 сёння спадар Савіч прапанаваў мне атрымаць прадпісанне аб накіраванні мяне ў Зельвенскі, а Паўла – у Ашмянскі раёны Гарадзенскай вобласці, - гаворыць Мікола Маркевіч. – Аднак падчас падпісання дакументаў раздаўся тэлефонны званок. Выслухаўшы таго, хто званіў, начальнік інспекцыі загадаў нам з’віцца пазней, бо ў Менску вырашылі змяніць нам мейсца адбывання пакарання.