Камітэт ААН супраць катаванняў настойвае на расследаванні ўсіх выпадкаў катаванняў у Беларусі
Камітэт ААН супраць катаванняў настойвае на неадкладным правядзенні ў Беларусі расследавання ўсіх меркаваных выпадкаў катаванняў ці жорсткага абыходжання з затрыманымі.
Пра гэта гаворыцца ў апублікаваных рэкамендацыях камітэта.Нагадаем, 11 і 14 лістапада ў Жэневе камітэт абмяркоўваў сітуацыю ў Беларусі. Былі заслуханы два даклады — афіцыйная справаздача аб выкананні Беларуссю Канвенцыі ААН аб забароне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, падрыхтаваны ўрадам, і альтэрнатыўны, складзены праваабаронцамі. Па выніках гэтых слуханняў і былі складзены рэкамендацыі беларускім уладам.
У прыватнасці, камітэт рэкамендуе забяспечыць усім зняволеным доступ да асноўных прававых гарантый з моманту іх затрымання, у тым ліку права не неадкладны доступ да адваката, на абследаванне незалежным урачом, на магчымасць звязацца з сям'ёй.
Камітэт таксама рэкамендуе забяспечыць хуткую рэгістрацыю ўсіх затрыманых людзей і доступ да гэтай базы звестак іх сваякоў і адвакатаў.
Дзяржава — удзельнік Канвенцыі ААН па прадухіленні катаванняў павінна ажыццяўляць маніторынг выканання заканадаўства, якое абавязвае ўсіх прадстаўнікоў праваахоўных органаў, уключаючы спецназ і супрацоўнікаў КДБ, якія знаходзяцца пры выкананні, насіць апазнавальныя знакі, гаворыцца ў рэкамендацыях.
Камітэт рэкамендуе ўладам забяспечыць расследаванне выпадкаў знікнення людзей, у прыватнасці Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.
Варта таксама ўстанавіць незалежны і эфектыўны механізм, які б аблягчаў падачу скаргаў у дзяржорганы ахвярамі катаванняў або жорсткага абыходжання, у тым ліку механізм медыцынскага агляду. Пры гэтым неабходна забяспечыць на практыцы абарону тых, хто падае скаргі, ад любога віду жорсткага абыходжання або запалохвання.
Камітэт рэкамендуе ўладам разгледзець магчымасць стварэння незалежнай і справядлівай камісіі па правах чалавека ў складзе прадстаўнікоў дзяржаўнага і недзяржаўнага сектара, якая валодала б эфектыўнымі паўнамоцтвамі.
У рэкамендацыях таксама ўказана на неабходнасць адхілення ад выканання сваіх абавязкаў асоб, падазроных у прымяненні катаванняў, на тэрмін расследавання, асабліва калі ёсць рызыка таго, што яны могуць перашкаджаць расследаванню.
Камітэт ААН рэкамендуе прадставіць вынікі расследавання па меркаваных правапарушэннях, у тым ліку па справах кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча, Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, актывістаў іх штабоў Аляксандра Атрошчанкава, Наталлі Радзінай і Маі Абрамчык, а таксама па шматлікіх скаргах наконт непрапарцыянальнага прымянення сілы спецназам на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года.
Камітэт заклікае Беларусь гарантаваць поўную незалежнасць судовай улады, забяспечыць адпаведнасць выбару, прызначэння, аплаты працы, знаходжання на пасадзе суддзяў аб'ектыўным крытэрыям, такім, як кваліфікацыя, сумленнасць, здольнасці, эфектыўнасць.
Апрача таго, прапаноўваецца правесці расследаванне па справах адвакатаў, якія прадстаўлялі інтарэсы затрыманых у выніку падзей 19 снежня 2010 года і былі пазбаўлены ліцэнзій.
Камітэт ААН заклікае ўлады стварыць поўнасцю незалежныя органы з паўнамоцтвамі для маніторынгу і наведвання месцаў пазбаўлення волі без папярэджання. У складзе такіх органаў павінны быць эксперты з юрыдычнай і медыцынскай сфер, прадстаўнікі грамадскасці.
Варта таксама прыняць усе меры для забеспячэння абароны праваабаронцаў і журналістаў ад запалохвання або насілля, для аператыўнага, справядлівага і стараннага расследавання і пакарання за такія дзеянні.
Уладам рэкамендавана праінфармаваць камітэт аб выніках расследавання меркаваных пагроз і пераследаў з боку ўладаў у дачыненні да праваабаронцаў і журналістаў, у тым ліку Ірыны Халіп і Анджэя Пачобута, старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака і лідара "Вясны" Алеся Бяляцкага.
Беларусь, зазначаецца ў рэкамендацыях, павінна прыняць усе неабходныя захады для паляпшэння ўмоў утрымання асоб, прыгавораных да смяротнай кары, а таксама забяспечыць ім аказанне ўсіх відаў абароны, прадугледжаных канвенцыяй.
Апрача таго, Камітэт ААН лічыць неабходным ліквідаваць сітуацыю сакрэтнасці, што акружае смяротную кару, каб члены сям'і асуджанага не зведвалі дадатковых пакутаў.
Уладам Беларусі таксама рэкамендавана разгледзець магчымасці адмены смяротнай кары.