Добруш: ідэолагі і журналісты дамовіліся пра плённае супрацоўніцтва
Добрушскі «ідэалагічны актыў» сустрэўся з карэспандэнтамі раённай, абласной і рэспубліканскіх газет. Як перадае газета «Добрушскі край», сустрэча «не насіла рэкламнага характару, як здавалася б, павінна быць у час падпісной кампаніі на перыядычныя выданні. Без размовы пра падпіску, канешне, не абыйшлося, але ішла яна зусім у іншым накірунку».
Галоўны ідэолаг Добруша патлумачыў, што «ў ідэолагаў было шмат пытанняў да калектываў газет», і таму «самі журналісты прыехалі да нас, каб абмеркаваць праблемы без пасрэднікаў».
Выглядае на тое, што ў Добрушы вырашаліся нейкія пытанні, ці праблемы, што існуюць у асяродку ідэолагаў і журналістаў, але чытачу пра гэта ведаць нельга, бо са справаздачы ў газеце наўрад ці што даведаешся.
Адно вядома з артыкулу, што «з мяккай крытыкай у адрас газет выступіў намеснік дырэктара Добрушскага фарфоравага заводу, які выказаў меркаванні чытачоў наконт зместу выданняў, фармату, тэматыкі». Але нягледзячы на «мяккую крытыку», «скончылася сустрэча на аптымістычнай ноце – ідэолагі падзякавалі журналістам за разуменне, а тыя, у сваю чаргу, запрасілі ўсіх да супрацоўніцтва». Цікава: усіх – гэта каго? Усіх ідэолагаў, ці ўсіх жыхароў Добрушскага раёна?
Але калі казаць пра мясцовых жыхароў, то відаць, іх праблемы мала каго хвалююць: наўрад ці знойдзеш у мясцовым выданні матэрыялы пра крызіс, ці зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, адсутнасць тавараў у крамах, ці пра тое, што тавары вывозяцца ў суседнюю Расію, і іншыя праблемныя тэмы, якіх хапае ў райцэнтры. Усе загалоўкі ў выданні – спрэс пазітыў і аптымізм: «Сацыяльнаму работніку талент не замінае», «Параўнаць можна толькі з казкай», «Салют над горадам», «Сто дарог – адна твая».
А калі журналісты і плануюць з кім супрацоўнічаць – дык з ідэолагамі.