Мазырская вертыкаль “вправе…, но не обязана…” выконваць Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь!
Для Мазырскага райвыканкама і рэкамендацыі вышэйстаячага органа, Гомельскага аблвыканкама, з’яўляюцца не абавязковымі для выканання.
У сваім новым рашэнні “Аб масавых мерапрыемствах” №1202 ад 15.09.2011 года, адмяніўшы папярэдняе рашэнне №506 ад 22 красавіка 2008 г. № 506 «Об определении постоянных мест для проведения массовых мероприятий» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2008 г., № 218, 9/17100), мазырскія чыноўнікі зноў не прапісалі парадак аплаты расходаў, як гэта прадугледжана арт. 6 Закона “Аб правядзенні масавых мерпрыемстваў”. Аднак Новае рашэнне дапоўнена тым, што заяўнік масавага мерапрыемства, павінен заключыць дамовы з РАУС, паліклінікай, райжылкамунгасам па, адпаведных кожнай структуры, платных паслугаў.
У рашэнні 1202 месцамі правядзення масавых мерапрыемстваў у Мазыры зноў прызначаны стадыёны “Спартак” і стадыён “Палессе” ля вёскі Козенкі Мазырскага раёна. Але, калі гэтыя месцы ўвесь час так занятыя, чаму б не прызначыць іншыя? Магчыма і таму, што гэтае рашэнне не распаўсюджваецца на грамадскія арганізацыі, дзе шмат прадстаўнікоў органаў улады і упраўлення? Ім не патрэбна браць дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў і заключаць дамовы па аплаце расходаў. Усё ўжо аплацілі падаткаплацельшчыкі.
Рашэнне “Аб масавых мерапрыемствах” №1202 ад 15.09.2011 года атрымала рэгістрацыю, як нарматыўна-прававы акт толькі 12.11.2011 года.
На час заяўкі Ў. Целяпуном масавага мерапрыемства, гэтае рашэнне яшчэ не дзейнічала, як нарматыўна-прававы акт і Мазырскі райвыканкам не меў права патрабаваць ад праваабаронцы заключэння гэтых дамоваў.
Нават начальнік Мазырскага РАУС, член райвыканкама Пятро Зыкун у сваім адказе на заяву праваабаронцы Ўладзіміра Целяпуна заключыць такую дамову падкрэсліў, што не можа гэтага зрабіць, бо атсутнічае рашэнне аб парадку аплаты расходаў. І яго намеснік М. Цімошчанка ў судзе , як сведка пайшоў яшчэ далей, заявіўшы: - мы не можам заключыць дамовы, пакуль не будзе дадзены дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства, дзе таксама павінна быць пазначаны дата, час, месца правядзення, колькасць ўдзельнікаў.
Прыехалі! Каб атрымаць дазвол – трэба заключыць дамовы і прадаставіць іх у райвыканкам. А каб заключыць дамову са структурай райвыканкама РАУС – трэба мець дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства!
Прыняцце рашэння аб забароне масавага мерапрыемства за суткі да яго пачатку парэчыць ч. 1 арт. 6 Закона “Аб правядзенні масавага мерапрыемства”. Згодна з арт. 8 згаданага закона ўжо ішла падрыхтоўка масавага мерапрыемства – распаўсюжваліся абвесткі і запрашэнні да грамадзян Мазыра прыняць у ім удзел.
І прыняцце рашэння аб забароне пікетавання 8 кастрычніка 2011 года і вынясенне пракуратурай Афіцыйнага папярэджання за суткі да яго пачатку ёсць парушэнне арт. 13 Закона, дзе сказана, што дзяржаўныя органы, палітычныя партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне не маюць права ўмешвацца і перашкаджаць правядзенню масавых мерапрыемстваў, праводзімых з выкананнем патрабаванняў гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Целяпун просіць калегію Гомельскага абласнога суда адмяніць Рашэнне суда Мазырскага раёна ад 15 лістапада 2011 года і перадаць скаргу на новы разгляд у той жа суд іншаму судзі.