viasna on patreon

Грамадскі актывіст з Магілёва паскардзіцца ў Генпракуратуру на Козіка, Ермакову і Мясніковіча

2011 2011-11-29T15:26:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paulouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Пракуратура не мае паўнамоцтваў сачыць за адпаведнасцю законнасці дзейнасці Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Такі адказ атрымаў грамадскі актывіст з Магілёва Аляксей Паўлоўскі ад начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь спадарыні Паповай.

Аляксей Паўлоўскі звяртаўся да кіраўнікоў чатырох дзяржаўных інстанцый – Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь спадара Андрэйчанкі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі спадара Козіка, кіраўніцы Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь спадарыні Ермаковай і прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь спадара Мясніковіча – з заявай, пад якой падпісаліся 121 чалавек. У заяве выкладзены патрабаванні да кіраўнікоў Беларусі выканаць умовы Еўропы для атрымання нашай краінай дапамогі ў памеры дзевяці мільярдаў даляраў.

Аляксей Паўлоўскі адзначае, што адказ на калектыўны зварот грамадзянаў прыйшоў толькі з Палаты Прадстаўнікоў, аднак і яго ён называе банальнай адпіскай.

“Варта таксама адзначыць, што сама кіраўніца Нацбанка спадарыня Ермакова па Беларускім тэлебачанні сказала, што крэдыты Беларусі не даюць, бо палітвязні не хочуць выходзіць з турмаў. Незразумела толькі, чаму яна не патрабуе ад свайго начальства выканання патрабаванняў беларускага народа”, - кажа Аляксей Паўлоўскі. – Незразумела таксама, чаму кіраўнік праўладных прафсаюзаў спадар Козік, які паводле свайго статусу мусіць абараняць правы грамадзян, не дае адказу на ініцыятыву грамадзян – сябраў ФПБ, Белай Русі і БРСМ”.

Аляксей Паўлоўскі адзначае, што будзе пісаць скаргі ў Генеральную Пракуратуру з нагоды таго, што чыноўнікі Козік, Ермакова і Мясніковіч не выконваюць закон аб зваротах грамадзянаў.

“Калі Генпракуратура не можа кантраляваць Палату Прадстаўнікоў, то хай яна пракантралюе астатнія інстанцыі. Атрымліваецца, што дэпутатаў павінен кантраляваць народ. Калі яны не выконваюць свае ж законы, то іх мусяць адклікаць выбаршчыкі”, - адзначае грамадскі актывіст.

Нагадаем, што заяўнікі патрабавалі ад прадстаўнікоў ураду выканаць умовы, якія былі агучаныя польскім прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. Сярод іх – патрабаванне забеспячэння правоў чалавека, вызвалення ўсіх палітвязняў, аднаўлення дэмакратычных свабодаў і спынення фальсіфікацыяў на выбарах усіх узроўняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства