Асуджаны на "хімію" Артур Фінькевіч будзе працаваць падсобнікам у гарадзкім будаўнічым упраўленьні
Для асуджанага на "хімію" моладзевага актывіста Артура Фінькевіча з Жодзіна пайшоў другі тыдзень прыбываньня ў Магілёўскай спэцкамэндатуры. Сюды хлопец быў накіраваны для адбыцьця пакараньня. Увесь гэты час юнак быў вымушаны безвыходна знаходзіцца ў памяшканьні камэндатуры, бо, згодна з правіламі, камэндатуру могуць пакідаць толькі тыя асуджаныя, якія ўладкаваліся на працу. Дарэчы, шукаць працу самому хлопцу не дазволілі. "Клопаты" па працаўладкаваньню моладзевага актывіста ўзялі на сябе прадстаўнікі папраўчай установы. Кіраўніцтва камендатуры паведаміла Артуру, што ён ужо выйдзе на працу, бо будзе ўладкаваны падсобнікам у гарадзкое будаўнічае ўпраўленьне №129.
Адзначым, што гэты занятак далёкі ад спэцыяльнасьці, якой хлопец вучыўся і валодае разьдзельшчыка мясных тушаў.
За час прыбываньня ў Магілёве Артуру ўжо давялося выслухаць папрокі з боку супрацоўнікаў камендатуры у тым, што хлопца, па іхным меркаваньні, надта часта наведваюць розныя людзі. Сапраўды, шэфства над Артурам у чужым для яго горадзе зь першых жа гадзінаў знаходжаньня ў Магілёве ўзялі моладзевыя згуртаваньні, мясцовыя грамадзкія актывісты і праваабаронцы, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.