Крупкі: за паказаннямі сведкі мінскія міліцыянты прыйшлі ў нядзельны вечар
У Крупках да Аляксандра Бандарэнкі ў мінулую нядзелю ўвечары каля паловы на восьмую завіталі два супрацоўнікі міліцыі, каб «узяць сведкавыя паказанні». Ён быў сведкам масавага затрымання менскім АМАПам крупскіх мужчын у кафэ «Дарожнае» у ноч з 19 на 20 лістапада.
«Адзін з супрацоўнікаў прадставіўся, - распавядае Аляксандр Бандарэнка. - Ён паказаў пасведчанне на імя маёра Мінскага УУС Дзенісевіча. Спытаў: «Вы былі сведкай затрыманняў?». Я адказаў, што, так. Тады ён заявіў, што прыйшоў з калегам да мяне дадому, каб пагутарыць. Ну, тут я абурыўся! Прыйшлі ў палову на восьмую вечара, дадому! Кажу ім: «Выклікайце позвай, паказанні запісвайце ў пратакол. Па-іншаму я з вамі размаўляць не буду ». Тады яны сказалі, што выклічуць мяне позвай, але ў Менск».
Аляксандр і яго жонка Ганна першымі звярнуліся ў незалежныя СМІ, каб распавесці аб масавым затрыманні з ужываннем сілы крупскіх маладых людзей у месцах адпачынку. Аляксандр быў сведкам «міліцэйскага свавольства», інфармацыю аб якім ужо праз дзень пасля агалоскі УУС Мінаблвыканкама назвала «нахабнай хлуснёй». Аляксандр выступаў у якасьці сведкі на некалькіх судах, што разглядалі адміністрацыйныя справы затрыманых крупчан.
«Я паабяцаў менскім міліцыянтам, якія прыйшлі да мяне дадому, што прыеду ў Мінск па позве, - тлумачыць Аляксандр. - Але запэўніў, што прыеду ў суправаджэнні адваката і незалежных журналістаў. А наогул гэты візіт я ўспрымаю як ціск на мяне, спробу запужаць».