Суд у Брэсце не задаволіў скаргу наконт забароны пікетаў у падтрымку палітвязняў
Нагодай да звароту ў суд Ленінскага раёна Брэста было рашэнне мясцовага гарвыканкаму адмовіць у правядзенні пяці пікетаў на пачатку кастрычніка з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы пераследу прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, утрымання іх у месцах зняволення і выкарыстання супраць апанентаў цяперашняй улады катаванняў.
24 лістапада суддзя Ала Вінаградава вынесла рашэнне, з якога вынікае, што Брэсцкі гарвыканкам на законных падставах забараніў гэтыя пікеты, бо яны планаваліся ў месцах, дзе ладзіць масавыя мерапрыемствы нібыта не дазволена. Акрамя таго, арганізатары пікетаў не прадставілі ў гарвыканкам дамовы з органамі унутраных справаў, аховы здароўя і камунальнымі службамі для “абслугоўвання” сваіх акцый. Суд палічыў гэта таксама важным аргументам, каб мясцовыя ўлады не далі дазвол на правядзенне пікетаў.
У той жа час судддзя пакінула без увагі пярэчанне аднаго з заяўнікоў Віктара Чайкоўскага, які спрабаваў давесці, што ў цэнтры горада вельмі часта ладзяцца разнастайныя масавыя мерапрыемствы і ніякіх перашкод з боку яны не выклікаюць, бо ініцыянаваныя дзяржаўнымі ўстановамі. Такім чынам, лічыць Віктар Чайкоўскі, брэсцкія улады займаюцца дыскрымінацыяй, парушаюць Канстытуцыю і міжнародныя пагадненні, калі ў адных выпадах дазваляюць праводзіць акцыі, а ў іншых - не.
Аўтары скаргі маюць намер абскардзіць рашэнне суда першай інстанцыі ў гэтай справе ў Брэсцкім абласным судзе.