Удзельнікаў Народнага сходу ў Гомелі будуць судзіць
Праз больш чым паўтары месяцы пасля правядзення першага этапу Народнага сходу ў Гомелі ўлады вырашылі прыцягнуць да адказнасці яго ўдзельнікаў. Нагадаем, пры правядзенні другога этапу Народнага сходу, 12 лістапада, у Гомелі былі затрыманы 15 чалавек. Усіх іх завезлі ў аддзел міліцыі, але затым адпусцілі. Сярод затрыманых былі таксама журналіст Мікола Бянько і правабааронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка.
На чатырох затрыманых — Іллю Міронава, Дзмітрыя Карашкова, Васіля Такарэнку і Ксенію Яраслаўцаву былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за «парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства». Прычым пратаколы былі складзены як за ўдзел у Народным сходзе 8 кастрычніка, так і за ўдзел ў другім этапе сходу, 12 лістапада.
Разгляды адміністрацыйных спраў пройдуць у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля. Дарэчы, Ілля Міронаў і Дзмітрый Карашкоў ужо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Дзмітрый Карашкоў быў пакараны «суткамі» за распаўсюд запрашэнняў на маўклівую акцыю пратэста, а Ілля Міронаў быў арыштаваны на 10 сутак за нібыта распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў да Народнага сходу.