У Менску ў 18.30 на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца акцыя, прымеркаваная да гадавіны зьнікненьня журналіста Дзьмітрыя Завадзкага
Роўна шэсьць гадоў таму зьнік апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Дзьмітрый Завадзкі. Раніцай 7 ліпеня 2000 году ён паехаў у аэрапорт "Менск-2" сустрэць з Масквы свайго калегу Паўла Шарамета і быў выкрадзены. Нягледзячы на тое, што па справе Завадзкага адбыўся судовы працэс і некалькі чалавек былі асуджаныя, знайсьці цела Завадзкага дагэтуль не ўдалося. З ініцыятывы Аб'яднанай грамадзянскай партыі сёньня ў Менску ў 18.30 на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца акцыя, прымеркаваная да трагічнай падзеі ў ліпені 2000 году.
Як паведаміў Радыё Свабодзе намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык, акцыя рыхтуецца ў новым фармаце: "Раней мы выходзілі з партрэтамі зьніклых палітыкаў. А цяпер праводзім акцыю "Салідарнасьць у імя Свабоды". Мы запрашаем ня толькі родных зьніклых палітыкаў, але таксама ўсіх, чые сваякі, паплечнікі, калегі зьяўляюцца палітычнымі вязьнямі. Мы выходзім з партрэтамі ня толькі зьніклых, але й тых, каму ўжо вынесеныя прысуды ці каго яшчэ судзяць. У такім фармаце акцыя адбудзецца ўпершыню".