Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу Віктара Цяпіна
У Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі сябра аргкамітэта Народнага схода ў Баранавічах Віктара Цяпіна, які быў пакараны за распаўсюд улётак перад Народным сходам 8 кастрычніка. Абласны суд вынес пастанову пакінуць рашэнне суда горада Баранавічы без зменаў.
Па словах Віктара Цяпіна, іншага ён і не чакаў:
- Яны мяне прыцягваюць да адказнасці за тое, што я агітаваў за мясцовы сход згодна з законам аб масавых мерапрыемствах. Але ў гэтым законе выразна сказана, што ён не распаўсюджваецца на мясцовыя сходы. Таму ніякіх падставаў для прыцягнення мяне да адказнасці не было. Ну а тое, што ў нашай так званай прававой дзяржаве прававыя пытанні ўвогуле не бяруцца да ўвагі, гэта даўно вядома.
Віктар Цяпін двойчы быў затрыманы за распаўсюд улётак перад Народным сходам супрацоўнікамі Баранавіцкага ГАУС. Суд горада Баранавічы пакараў актывіста штрафам у 25 базавых велічынь.