Ірына Яскевіч не дазволіла супрацоўнікам міліцыі прыйсці да яе “з афіцыйным візітам”
“Калі афіцыйна, то мусяць даслаць позву, і я сама прыйду ў пастарунак”, -- сказала спадарыня Яскевіч міліцыянту, які па тэлефоне прапанаваў наведаць актывістку ў яе дома, каб напісаць новы пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.
Спадарыня Яскевіч – арганізатарка Народнага сходу ў Віцебску. Пасля імпрэзы 8 кастрычніка на яе склалі адміністрацыйны пратакол за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Але Кастрычніцкі райсуд адмовіўся прыняць гэтую справу да разгляду. Суддзя Іна Грабоўская сказала, што не бачыць у прадстаўленых дакументах складу правапарушэння, і адправіла пратакол на дапрацоўку.
Ірына Яскевіч упэўнена, што правапарушэння з яе боку і не было:
“Я напісала свае тлумачэнні да пратаколу, што не згодная з абвінавачаннем, бо праводзілі менавіта сход. А на яго не распаўсюджваецца дзеянне закону аб правядзенні масавых акцый”.
Паводле новай версіі супрацоўнікаў міліцыі, 8 кастрычніка несанкцыянаванай акцыі ўжо не было, быў менавіта сход. Але праводзіўся ён з парушэннямі, і таму арганізатарка спадарыня Яскевіч усё адно мусіць панесці адміністрацыйную адказнасць.
Якія менавіта парушэнні мелі месца, Ірыне Яскевіч па тэлефоне тлумачыць адмовіліся. А яна адмовілася размаўляць с супрацоўнікам міліцыі далей без афіцыйнай позвы ў пастарунак.