Віцебскі абласны суд чарговы раз падтрымаў забарону на правядзенне пікетаў
10 лістапада ў Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі праваабаронцы Леаніда Свеціка на рашэнне суддзі Чыгуначнага райсуду Рамана Дзягоды. Спадар Дзягода пастанавіў, што адміністрацыя Чыгуначнага раёну адмовіла праваабаронцу ў правядзеньні пікету на законных падставах, і гэтае рашэнне цяпер падтрымаў і абласны суд.
Леанід Свецік збіраўся зладзіць пікет у падтрымку Алеся Бяляцкага, але, як мы ўжо паведамлялі, адміністрацыя Чыгуначнага раёну адмовіла Віцебскаму праваабаронцу, спаслаўшыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 г. Згодна з гэтым рашэннем, асоба, якая хоча зладзіць масавае мерапрыемства, для атрымання дазволу мусіць папярэдне заключыць дамовы з Упраўленнем унутраных спраў, гарадской цэнтральнай паліклінікай і ЖКГ. На практыцы згаданыя службы адмаўляюцца заключаць дамовы без наяўнага дазволу на акцыі.
Чыгуначны райсуд прызнаў, што раённая адміністрацыя адмовіла праваабаронцу на законных падставах.
У Віцебску склалася сумная сітуацыя - цягам апошніх некалькіх гадоў улады не дазволілі ніводнага масавага мерапрыемства, запланаванага мясцовымі актывістамі, канстатуе мясцовы бюллетэнь “За правы чалавека”. Заявак было пададзена дзясяткі, але ўсе яны не былі задаволеныя з адной і той жа фармальнай прычыны: заяўнікі не выканалі рашэнне гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 г. Мясцовы заканадаўчы акт робіць, па сутнасці, немагчымым правядзенне ў Віцебску любых імпрэзаў, якія недаспадобы ўладам.
Паводле спадара Свеціка, адмовіўшы яму ў задавальненні скаргі, суддзі, фактычна, прызналі “законнымі” абмежаванні правоў грамадзян, уведзеныя пастановай гарвыканкаму. Атрымліваецца, што распараджэнне мясцовай улады мае большую вагу, чым Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і міжнародныя прававыя акты.