Круглянская раёнка “Сельскае жыццё” пазайздросціла “прыгожаму жыццю” праваабаронцы Алеся Бяляцкага
У раённай газеце “Сельскае жыццё”, якая выдаецца ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці, надрукаваны “заказны” артыкул Дзяніса Паляванава “Как “правозащитник” устроил себе красивую жизнь”. Артыкул надрукаваны пад рубрыкай “Тайны политбизнеса» і мае сваёй мэтай скампраметаваць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і праваабарончы цэнтр “Вясна”, які ён узначальваў.
Праваабаронца з Круглага Зінаіда Мілешчанка лічыць, што публікацыя артыкула ў раённых газетах ставіць сваёй мэтай скампраметаваць не толькі Алеся Бяляцкага, але наогул усіх праваабаронцаў:
“Зразумела, што гэты матэрыял у “Сельскім жыцці” надруканы па непасрэдным загадзе з боку ўлады, - кажа Зінаіда Мілешчанка. – Вертыкаль хоча скампраметаваць не толькі Алеся Бяляцкага, але і наогул усіх праваабаронцаў, якія быццам бы “займаюцца праваабаронай толькі для адводу вачэй”. А каб данесці да насельніцтва гэтую думку як мага шырэй, яны і пачалі перадрукоўваць гэты артыкул у раённых газетах. Рэспубліканскія і абласныя газеты ў нас у Круглянскім раёне чытаюць у асноўным “бюджэтнікі”, якім загадваюць на іх падпісвацца. А раёнка ідзе амаль у кожны дом”.
Раней сумнавядомы артыкул Дзяніса Паляванава надрукавала яшчэ адна раённая газета Магілёўскай вобласці, - газета Магілёўскага раёна “Прыдняпроўская ніва”.