Суд над Алесем Бяляцкім пачнецца 2 лістапада: Абсерваторыя асуджае гэты арганізаваны ўладамі судовы працэс
Парыж-Жэнева, 28 кастрычніка 2011 г.
Судовы працэс над Алесем Бяляцкім, прэзідэнтам Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) пачынаецца ў Мінску ў сераду, 2 лістапада 2011 года, у 10 гадзін раніцы.
Справу Бяляцкага разглядае суд Першамайскага раёна Мінска пад старшынствам
суддзі Сяргея Бандарэнкі. Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў - сумесная
праграма Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Міжнароднай
арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) - асуджае гэты адвольны акт судовага
пераследу.
Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 па абвінавачванні ва ўхіленні ад
выплаты падаткаў і ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і ўтрымліваецца
пад вартай у СІЗА № 1 Мінска. Падставай для крымінальнага пераследу спадара
Бяляцкага стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная
беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы.
Даўно падрыхтаванае судовымі органамі Беларусі абвінавачанне пагражае яму
пакараннем да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці (уключаючы
кватэру, дзе знаходзіцца офіс праваабарончага цэнтру "Вясна").
“Алесь Бяляцкі стаў ахвярай адвольнага арышту і судовага пераследу з-за сваёй
адданасці ідэалам дэмакратыі і абароне правоў чалавека. Мы асцерагаемся, што ў клімаце
рэпрэсій, які ўсталяваўся пасля выбараў канца 2010 года ў Беларусі, улады
паспрабуюць зрабіць гэты працэс паказальным, каб прымусіць замаўчаць усе
незалежныя галасы”, - заявіла Прэзідэнт FIDH Сухэр Белхасэн.
“Мы асуджаем гэты судовы працэс, арганізаваны ўладамі Беларусі, каб спыніць
праваабарончую дзейнасць спадара Бяляцкага і яго арганізацыі “Вясна”. Мы яшчэ
раз настойліва заклікаем да неадкладнага вызвалення яго без якіх-небудзь умоў”,
- дадаў Херальд Стейброк, генеральны сакратар Міжнароднай арганізацыі супраць
катаванняў.
Абсерваторыя выказвае заклапочанасць у сувязі з перашкодамі, якія чыняць улады
свабоднаму абмену паштовымі допісамі паміж спадаром Бяляцкім і яго роднымі і
сябрамі. Наведваць яго ў турме дазволена толькі адвакату, а жонка сёння ў
чарговы раз атрымала афіцыйную адмову ў адказ на просьбу наведаць мужа, якога
яна не бачыла з моманту арышту.
З моманту арышту спадара Бяляцкага ў жніўні 2011 года міжнародныя
праваабарончыя арганізацыі, дэмакратычныя дзяржавы і Еўрасаюз пастаянна
працягваюць заклікаць да яго вызвалення.