viasna on patreon

Міліцыя “не дапрацавала”, складаючы пратакол на арганізатарку “Народнага сходу”

2011 2011-11-08T18:04:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jaskevich.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ірына Яскевіч, арганізатарка Народнага сходу ў Віцебску, даведалася, што суду над ёй пакуль не будзе. Суддзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская не ўгледзела складу правапарушэння ў матэрыялах, якія ёй перадалі з міліцыі. І вярнула пратакол, складзены на спадарыню Яскевіч нібыта за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі 8 кастрычніка, назад у міліцыю – “на дапрацоўку”.

Як стала вядома Ірыне Яскевіч, матэрыялы, пададзеныя ў суд, складаліся з газетнай выразкі – гэта быў матэрыял пра Народны сход у газеце “Витебский курьер”, і  звестак пра тое, што ў Мінску за правядзенне Народнага сходу аштрафаваны Генадзь Фядыніч. Яшчэ быў пратакол, складзены 26 кастрычніка, пра які спадарыня Яскевіч гаворыць так:

“У ім было напісана, нібыта я арганізавала несанкцыянаваную акцыю. Але ад сябе я дадала, што мы кіраваліся законам пра сходы грамадзян, на якія дазволу ва ўладаў прасіць не трэба. Пра гэта ж я казала і пракурору Кастрычніцкага раёну, да якога мяне выклікалі 7 кастрычніка. Таму суддзі Іне Грабоўскай я сказала адразу: “Вам перадалі маю справу, дык адразу папярэджваю: сведкам будзе выкліканы і раённы пракурор, і супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС, якія на сходзе было не меньш за дзесятак, і ўсе ў цывільным. Яны стаялі ў нашых шэрагах, і ніводзін нават не папярэдзіў, што мы парушаем закон. Значыцца, і яны былі згодныя, што ўсё ў парадку!”

Акрамя Ірыны Яскевіч, пратакол пра арганізацыю несанкцыянаванай акцыі быў складзены і на Тацяну Севярынец, якая вяла пратакол Народнага сходу. Ці быў ён перададзены ў суд і ці адбудзецца працэс, спадарыня Тацяна не ведае. І ў суд тэлефанаваць не хоча:

“Паклічуць дык паклічуць. Я сябе вінаватай не лічу, і гатовая гэта даводзіць перад судом”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства