viasna on patreon

Туніскія калегі працягваюць сачыць за лёсам Алеся Бяляцкага

2011 2011-11-08T13:01:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/khadija_cherif_fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генеральны сакратар FIDH Хаджыя Шэрыф – адна з вядомейшых туніскіх праваабаронцаў

Генеральны сакратар FIDH Хаджыя Шэрыф – адна з вядомейшых туніскіх праваабаронцаў

Беларускі праваабаронца, віцэ-прэзідэнт FIDH наведваў Туніс сёлета ў сакавіку, адразу пасля рэвалюцыі і падзення рэжыму Бен Алі, каб падтрымаць праваабаронцаў з гэтай арабскай краіны, натхнёных поспехам рэвалюцыі, і падзяліцца з імі беларускім досведам пераходнага перыяду. Палітычныя рэжымы Беларусі і Тунісу Алесь Бяляцкі назваў братамі-двайнятамі – у плане падаўлення грамадзянскіх свабодаў і ціску на грамадзянскую супольнасць. Цяпер туніскія праваабаронцы дасылаюць словы падтрымкі свайму калегу, які пераследуецца беларускімі ўладамі за сваю дзейнасць.

Генеральны сакратар FIDH Хадзіжа Шэрыф ("Туніская Ліга за правы чалавека"):

"Дарагі Алесь,

навіна пра твой арышт абышла свет і глыбока абурыла самых розных людзей. З тых самых часоў я ўвесь час абяцаю сабе напісаць табе, каб перадаць пачуццё абурэння, якое ахапіла мяне пасля гэтай весткі, а таксама выказаць маю поўную падтрымку ў гэты цяжкі момант. Я выбачаюся за тое, што раблю гэта позна, але павер мне, ты заўсёды ў маіх думках, і мы ўвесь час сочым за навінамі пра цябе, і ўвесь час гаворым пра цябе з Сухэр, Сашай і ўсімі нашымі сябрамі з FIDH. Я таксама ніколі не прамінаю выпадка расказаць пра цябе актывістам у рэгіёне, і асабліва ў Тунісе. Яны, у сваю чаргу, перадаюць інфармацыю далей і жорстка асуджаюць тваё зняволенне. Магчыма, яны не напішуць табе пра гэта - але ведай, што іх салідарнасць з табой і тваёй барацьбой незвычайна моцная. Часам я думаю: калі, нягледзячы на ​​ўсе размовы пра цябе, мы так доўга збіраемся напісаць пра гэта, ці не звязана гэта з вуснай культурай, якая ўсё яшчэ значна больш уласцівая нашаму рэгіёну... Ведай таксама, што куды б я ні прыязджала, тваё імя з'яўляецца ў маіх выступах, таксама як і патрабаванне твайго неадкладнага вызвалення і асуджэнне рэжыму, які запанаваў у Беларусі.

Твой прыезд у Туніс пакінуў у нас глыбокі след і прадэманстраваў тым, хто не ведаў гэтага раней, што незвычайнае падабенства існуе паміж былым рэжымам у Тунісе і вашым цяперашнім рэжымам .... На самой справе, усе рэпрэсіўныя рэжымы падобныя, і гісторыя, уключаючы найноўшую, паказвае, што падабенства іх яшчэ і ў тым, што ўсе яны рана ці позна загінуць, а правасуддзе пераможа, устаўшы на абарону асноўных свабодаў, правоў чалавека і дэмакратыі.

Нават узяты асобна родны мне нядаўні туніскі прыклад дастатковы для перавагі надзеі - і ўсё, што настала ўслед за ім у нашым рэгіёне, даказвае гэта. Нягледзячы на ​​ўсе жахі, з якімі ў выніку давялося сутыкнуцца мірнаму насельніцтву, вецер свабоды падняўся, а ён, заўсёды і ўсюды, нясе з сабой зерне будучых зменаў.

Твая барацьба, твая рашучасць, рызыка, на якую ты пайшоў свядома, і нават несправядлівасць, ахвярай якой ты стаў, нягледзячы ні на што, прынясуць свой плён. Падтрымка, якую дэманструюць табе твае калегі па "Вясне", нязменная і вартая захаплення. Маё захапленне імі бязмежнае, і я таксама дазволю сабе згадаць Сашу Кулаеву, якая ўжо тры месяцы, сапраўды не пакладаючы рук, аддае сябе мабілізацыі ўсіх і ўся на падтрымку цябе, тваёй працы а такім чынам і агульнай нашай справы, барацьбы за правы чалавека - вядома, ад імя ўсёй FIDH, але і праяўляючы рэдкую асабістую адданасць. Саша і Валянцін распавядуць табе пры хуткай, спадзяюся, сустрэчы, як мы разам з імі адкрывалі сустрэчу па чалавечым вымярэнні ў Варшаве. Я была шчаслівая ўдзельнічаць у гэтай падзеі разам з імі.

Многія сігналы абнадзейваюць і дазваляюць нам спадзявацца на лепшае.

Я ўвесь час у думках з табой і спадзяюся вельмі хутка адсвяткаваць тваю перамогу ў барацьбе за чалавечую годнасць і правы чалавека - а значыць і тваё вызваленне.

Перапоўненая гэтай надзеяй, я моцна абдымаю цябе, дарагі сябра, і спадзяюся хутка зрабіць гэта асабіста.

З падтрымкай, сяброўствам і самымі цёплымі пажаданнямі,

Хадзіжа Шэрыф,
Туніская Ліга за правы чалавека
Генеральны сакратар FIDH
Туніс"

Ахлем Белхаж (Асацыяцыя туніскіх жанчын-дэмакратак):

"Дарагі спадар Бяляцкі,

навіна пра Ваш арышт нас уразіла, засмуціла, абурыла... але не здзівіла, паколькі зыходзіла ад палітычнага рэжыму, які здольны трымацца толькі на рэпрэсіях супраць актывістаў, якія абараняюць свабоду, справядлівасць і правы чалавека.

Ваша барацьба за правы чалавека, як мужчын, так і жанчын, якая таксама і наша барацьба, абавязкова пераможа, дзякуючы Вашай рашучасці і нястомнасці, і нягледзячы на ​​тыя страты і нягоды, якія выпалі Вам і Вашым калегам зараз у выніку Вашай найважнейшай дзейнасці.

Мы часта ўспамінаем Ваш выступ у Тунісе на семінары па дэмакратычных пераходных працэсах, які жыва нагадаў нам наша такое нядаўняе мінулае. Як падобны рэпрэсіўныя рэжымы, як падобны спробы задушыць дэмакратычныя галасы! Мы шчыра жадаем Вашаму народу пазбавіцца ад цяперашняга рэпрэсіўнага рэжыму, як мы скончылі з нашай старой сістэмай, і ў гэтым будзе і Ваша заслуга, бо Вы так даўно і бескарысліва змагаліся з несправядлівасцю і пакутамі, створанымі ім.

Ведайце, што мы падтрымліваем Вас бязмежна і з нецярпеннем чакаем Вашага вызвалення, якое будзем набліжаць па меры нашых сілаў. Наша мэта адна - абарона свабодаў і годнасці чалавека.

У думках мы з Вамі, дарагі спадар Бяляцкі, а таксама з Вашай сям'ёй і калегамі.

Ахлем Белхаж
ад імя Асацыяцыі туніскіх жанчын-дэмакратак
Туніс"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства