Аксану Самуйлаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь
Сёння ў 15-30 каардынатар кампаніі “Гавары праўду” па Магілёўскай вобласці Аксана Самуйлава атрымала ў судзе Магілёўскага раёна пастанову аб пакаранні яе штрафам у памеры 25 базавых велічынь (875 тысяч рублёў). Пастанову аб пакаранні штрафам “за незаконны распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” вынес суддзя Іглікаў. Саму Аксану Самуйлаву на судовы працэс ніхто так і не запрасіў, ён прахадзіў у адсутнасць грамадскай актывісткі.
“Я ўсё ж чакала, што мне перададуць позву і запросяць прысутнічаць пры разглядзе справы, - кажа Аксана Самуйлава. – Аднак суду Магілёўскага раёна мая прысутнасць на працэсе не спатрэбілася, суддзя Іглікаў разгледзеў справу і вынес пакаранне, нават не выслухаўшы мае тлумачэнні. Пакаралі мяне паводле артыкула 22.9 ч. 2 Адміністрацыйнага кодэкса за нібыта “незаконны распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” штрафам у памеры 25 базавых велічынь, гэта складае 875 тысяч рублёў. У пастанове шмат недарэчнасцяў, у прыватнасці, гаворыцца, што я “перавозіла без якой-небуць дакументацыі друкаваную прадукцыю з мэтай распаўсюду” і таксама што я “была спынена каля вёскі Красніца з мэтай распаўсюду друкаванай прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”. Але ж я ніякую друкаваную прадукцыю не распаўсюджвала, толькі перавозіла. Пракансультуюся з юрыстамі, магчыма, што буду гэту пастанову абскарджваць”.
Аўтамабіль сябра аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Гавары праўду!” Аксаны Самуйлавай быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ ў Магілёўскім раёне 3 верасня. Машына была накіраваная ў РАУС Магілёўскага раёна, дзе супрацоўнікі ДАІ перадалі аўтамабіль Аксаны Самуйлавай міліцыянерам з райаддзела. Супрацоўнікі РАУС абшукалі машыну і знайшлі ў багажніку друкаваную прадукцыю кампаніі “Гавары праўду!”. Пасля пераліку ўся друкаваная прадукцыя была канфіскавана для правядзення далейшага разбіральніцтва. На актывістку быў складзены пратакол за парушэнне Закона аб СМІ, яна быццам бы распаўсюджвала друкаваную прадукцыю без пазначэння прадугледжаных законам выходных дадзеных. Перад гэтым супрацоўнікі ДАІ наклалі на Аксану Самуйлаву штраф у памеры 0,5 базавай велічыні за непройдзены своечасова тэхагляд аўтамабіля.